~~META: title = Пімен Панчанка — Бульба &keywords = бульба, смачный, страў, повар &abstract = Верш Пімена Панчанкі "Бульба" &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — Бульба ====== Так ісці на захад, гэтак перці\\ За эпоху можна толькі раз.\\ Есці захацелася да смерці,\\ Ну, а повар з кухняю заграз.\\ \\ Падцягнулі рамяні з тугою,\\ Леглі адпачыць пад сіняй хвояй,\\ На сухой абочыне шашы.\\ Рай – для ног, цыгарка – для душы…\\ \\ Спрэчка пачалася нечакана:\\ Што смачней з усіх вядомых страў?\\ "Хаш і лобі! – першым крыкнуў Вано,-\\ Я б сем місак зараз увабраў".\\ \\ "Плоў, – сказаў Ахмет. – Калісьці дома...\\ І пацмокаў смачна языком.\\ А Гурген ускочыў: "Вы знаёмы\\ З ерэванскім сочным шашлыком?"\\ \\ Я тут узгарэўся не на жарты:\\ "Вашых страў я ганіць не хачу:\\ І яны што-кольвек, пэўна, варты,\\ Як хвалілі знаўцы іх – я чуў.\\ \\ Сорам пра найлепшае не ведаць, –\\ Рынуўся я ў наступ на байцоў, –\\ Калі смачна хочаце паснедаць,\\ Закажыце бульбы з селядцом.\\ \\ Печаная бульба – гэта казка,\\ Паскрабеш нажом – і калі ласка.\\ Жоўтая скарынка, як пірог,\\ Будзеш уплятаць яе за трох.\\ \\ Трапіш да кабеціны рахманай –\\ Паспытаеш, друг мой дарагі,\\ Дранікі са свежаю смятанай,\\ Бабку, клёцкі, нават пірагі.\\ \\ З нашай бульбы тысячу, не меней,\\ Смажаць і гатуюць розных страў…"\\ Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем\\ Песню ім пра бульбу праспяваў.\\ \\ Бачу: праняла мая прамова,\\ Зараз крыкнуць: "Дзе яна? Гарні!"\\ …Добра, што пад’ехаў ротны повар\\ На рудым запараным кані. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]]