~~META: title = Пімен Панчанка — А мову ледзь не затапталі... &keywords = Панчанка, мову, ледзь, затапталі &abstract = Чытаць верш Пімена Панчанкі "А мову ледзь не затапталі..." &iftrue = nan ~~ ====== Пімен Панчанка — А мову ледзь не затапталі... ====== А мову ледзь не затапталі\\ I асмяялі, як раней.\\ А вы ў народа запыталі,\\ Якая мова нам радней?\\ \\ Бацькі (яшчэ не ўсе),\\ I Дурні,\\ I хамы (хамам не пярэч!)\\ \\ Сцвярджаюць:\\ «Руская — культурней\\ I прагрэсіўней.\\ Нашу — прэч!»\\ \\ Так мова руская —\\ У сіле!\\ Яна багатая...\\ Але\\ Мы бульбай дзелімся з Расіяй,\\ Шлём сала, мяса і алей.\\ \\ Мацуем нашу роднасць працай,\\ Дзе цяжка —\\ Мы туды ідзём.\\ Над кожнаю магілай брацкай\\ Мы кветкі памяці кладзём.\\ \\ А мову родную заўсёды\\ I ўсюды вучыць першы клас.\\ А ў нас стыдаюцца: «Не модна...»,\\ Як і калісьці ў царскі час.\\ \\ Усе сыны усіх народаў\\ На памяць помняць родны верш\\ I ганарацца песняй роднай,\\ З якой з калыскі ты жывеш.\\ \\ Ну, а салдаты з Беларусі\\ Ці служаць, ці ідуць на бой,\\ Саромяцца ў юнацкай скрусе:\\ Не знаюць спадчыны сваёй...\\ \\ Мілей мне «кнігаўка», чым «чыбіс»,\\ Бо голас кнігаўкі ў душы.\\ I бульбу смажаную чыпсам\\ Ты зваць па модзе не спяшы.\\ \\ I я на «клюкву» «журавіны»\\ Не прамяняю, не аддам.\\ I светлы край наш жураўліны\\ Я дзецям ціха перадам. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-вясёлай-маланкаю-ластаўка]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла-гдз]] * [[творы/пімен-панчанка/духоўны-свет-лірычнага-героя-ў-паэзіі-пі]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-зварот]] * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-сармацкае-кадзіла]]