Пятрусь Макаль — Яблыня

Пасадзіў калісьці на світанку
Яблыньку малую каля ганку.
– Хай расце.

Працаваць мне хмара памагала –
Клапатліва глебу палівала.
– Хай расце.

Я і сонца ў зімнюю часінку
Сагравалі кволую сцяблінку.
– Хай расце.

Хутка я з кватэры пераеду.
А ўраджай знімаць майму суседу.
– Хай расце.

Пэўна, недзе ля другога дому
Садзіць дрэўца друг мой незнаёмы…
– Хай расце.

Падобныя старонкі