~~META: title = Пятрусь Макаль — Два кубкі &keywords = кубак &abstract = Чытаць верш Петруся Макаля "Два кубкі" &iftrue = nan ~~ ====== Пятрусь Макаль — Два кубкі ====== Побач з кубкам шчасця на стале\\ Бог паставіў кубак, поўны гора. Пенаю адсвечвалі ў імгле\\ Па суседству — мора каля мора. \\ Палажыўшы на плячо руку,\\ Усявышні раіў чалавеку:\\ — Пі штодзень па аднаму глытку —\\ Хопіць шчасця да сканчэння веку.\\ \\ I да незвычайнага пітва\\ Паспяшаўся сын зямлі прыпасці.\\ Ледзь пакаштаваў — і галава Крута закружылася ад шчасця.\\ \\ I зусім забыўшы пра наказ,\\ I нібы зрываючыся з кручы,\\ Выпіў ён салодкі вір ураз,\\ Асушыў да дна бакал шыпучы.\\ \\ Але піць няўтольная душа\\ Неадольна зноў і зноў прасіла.\\ Смага, ледзьве чутная спярша,\\ Забрадзіла, як сляпая сіла.\\ \\ Сп’яна не разгледзеўшы бяды,\\ Сын зямлі прыгубіў кубак гора... Так перамяшаліся тады\\ Шчасце з горам, нібы з морам мора.\\ \\ Поплеч з чалавекам з той пары,\\ Дзе яго ні кіпе падарожжа,\\ Ходзяць два варожыя віры,—\\ Хто, скажыце, іх развесці можа? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-роднае-слова]] * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-смак-яблыка]] * [[творы/пятрусь-макаль/творчасць-петруся-макаля]] * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-поле-поле]] * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-табе-бацькоўская-зямля]]