~~META: title = Пятрусь Макаль — Асеннія барвы &keywords = лета, пладоў, зямлі &abstract = Чытаць верш Петруся Макаля "Асеннія барвы" &iftrue = nan ~~ ====== Пятрусь Макаль — Асеннія барвы ====== Расінкі поту жнівень з твару сцёр –\\ Здае цяжар спякотных абавязкаў.\\ I верасень – грамадскі кантралёр\\ Касцянкамі лічыльніка заляскаў.\\ Адсвечвае галактыкаю сад,\\ У барвы шчодрай спеласці адзеты.\\ Як успамін, раіцца лістапад:\\ Зялёнае буянства лета,\\ Дзе ты?\\ Нібыта штору, адхіні смугу,\\ Развей лісты, як сцёртыя чырвонцы,\\ Кладзі на шалі чыстую вагу\\ Пладоў, зярнят і дум, цяжкіх ад сонца.\\ Сам космас, быццам просьбіт, басанож,\\ Сыходзіць ноччу да Зямлі з паклонам,\\ Дрыготна надстаўляе зорны кош\\ Пад яблыкі, што падаюць са звонам.\\ Зрываючыся з прывязі галля,\\ Бабахне бэра, як скарбонка лета.ф\\ I сутыкнуцца груша і Зямля –\\ Малая і вялікая планеты.\\ Цямнее лоб зямлі не ад гадоў –\\ Ад восеньскай разважнасці халоднай.\\ Як лёгка ёй над ношаю пладоў,\\ Як цяжка ёй ад лёгкасці бясплоднай.\\ Пад шынамі машын яна дыміць,\\ Ды круціцца, не просячы рамонту,\\ I хмарыцца ад думкі: як прамыць\\ Запыленыя жніўнем гарызонты. Крыніца: Макаль П. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1982. – 287 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пятрусь-макаль/творчасць-петруся-макаля]] * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-два-кубкі]] * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-смак-яблыка]] * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-табе-бацькоўская-зямля]] * [[творы/пятрусь-макаль/пятрусь-макаль-поле-поле]]