Пятрусь Броўка — Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны...

урывак з паэмы «Беларусь»


Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны,
Аб горадзе Полацку слава ішла,–
Друкар там выдатны Георгій Скарына,
Што зоры, рассыпаў па роднай краіне
Крыштальныя словы навукі-святла;

Нямала народаў з крыніц яго піла
І брала ад мудрасці вечны агонь,
У літарах першых знаходзячы сілу…
Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла
Такога выдатнага сына свайго!

На грудзях тваіх, як скарбніцы жывыя,
Чалом выплываючы з даўняй імглы,
Стаяць гарадзенскія гмахі сівыя,
Муры Навагрудчыны, вежы Сафіі
І замкаў Заслаўля крутыя валы.

Аб славе народнай гамоняць зарніцы,
А думы яго захавалі ў сабе,
Як чыстыя перлы, азёры, крыніцы,
І неба вясёлкамі імі іскрыцца,
Што шлях асвятляюць яму ў барацьбе.

Падобныя старонкі