~~META: title = Пятрусь Броўка — Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны... &keywords = старыя, век, лучынны, слава &abstract = "Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны..." - урывак з паэмы Петруся Броўкі "Беларусь" &iftrue = nan ~~ ====== Пятрусь Броўка — Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны... ====== //урывак з паэмы «Беларусь»// \\ Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны,\\ Аб горадзе Полацку слава ішла,–\\ Друкар там выдатны Георгій Скарына,\\ Што зоры, рассыпаў па роднай краіне\\ Крыштальныя словы навукі-святла;\\ \\ Нямала народаў з крыніц яго піла\\ І брала ад мудрасці вечны агонь,\\ У літарах першых знаходзячы сілу...\\ Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла\\ Такога выдатнага сына свайго!\\ \\ На грудзях тваіх, як скарбніцы жывыя,\\ Чалом выплываючы з даўняй імглы,\\ Стаяць гарадзенскія гмахі сівыя,\\ Муры Навагрудчыны, вежы Сафіі\\ І замкаў Заслаўля крутыя валы.\\ \\ Аб славе народнай гамоняць зарніцы,\\ А думы яго захавалі ў сабе,\\ Як чыстыя перлы, азёры, крыніцы,\\ І неба вясёлкамі імі іскрыцца,\\ Што шлях асвятляюць яму ў барацьбе. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кропля]] * [[творы/пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб]] * [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі]] * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кастусь-каліноўскі]] * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-зямля-беларусі-урывак-з-п]]