Пятрусь Броўка — Як ліст дубовы...

Не страшна мне
Ні твань, ні багна,
Ані віхуры гул і свіст –
Я за жыццё схапіўся прагна,
Як за галлё
Дубовы ліст.

Па восені,
Мядзяны, дужы,
Між хмурай стыні ён гарыць…
Трасуць яго вятры і сцюжы,
А ён адно ў адказ -
Звініць.

Калі зімой
Мятлюга грае
І злосна шчэрыцца мароз,
Ён, як далонню, прыкрывае
Галінку тую,
Дзе прарос.

І толькі ў ясны дзень
Вясновы,
Калі красуе ўсё вакол, –
Перад лістком зялёным, новым
Ён ціха падае
На дол.

1956

Падобныя старонкі