~~META: title = Пятрусь Броўка — Надзя-Надзейка &keywords = жалейка, надзейка, надзя, бярозы, плача, белай, хлопец, сыплюцца, слёзы, падаюць, пажоўклым, лісцем, лесе, горкія, жыта &abstract = Чытаць баладу Петруся Броўкі "Надзя-Надзейка" &iftrue = nan ~~ ====== Пятрусь Броўка — Надзя-Надзейка ====== Плача сірочая ў лесе жалейка...\\ Сціхла ты,\\ Змоўкла, наша Надзейка.\\ Хто ж гэта думаў, як давялося:\\ Вочы закрыла хмурая восень,\\ Выцвілі косы,\\ Шчокі запалі,\\ Рукі завялі.\\ \\ – Надзя! Надзейка!.. – плача жалейка. –\\ Болей рукам тваім\\ Жыта не жаці,\\ Жыта не жаці,\\ Снапоў не вязаці. –\\ Трэцюю ночку вісне дзяўчына\\ На белай бярозе ля роднай хаціны.\\ Горачка-гора сэрца скавала,\\ Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?\\ \\ З лісцем пажоўклым горкія слёзы\\ Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:\\ – Добрыя людзі, жальбу здыміце,\\ Лепей мяне вы, бярозу, спіліце.\\ Гэтую дзеўчыну знала я дзіцем... –\\ Жоўты пясочак.\\ Зялёны вяночак.\\ Сінія вочкі,\\ Што васілёчкі.\\ \\ Буйныя ветры, лютыя буры...\\ Ходзіць па лесе хлопец пануры.\\ – Надзя! Надзейка!.. – плача жалейка.\\ З лісцем пажоўклым горкія слёзы\\ Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:\\ – Хлопец-юнача, смутныя вочы,\\ Зрэж мяне, белую, цёмнаю ноччу, –\\ Цяжка стаяць мне з горам дзявочым.\\ \\ Помню я смех ваш,\\ Гулі-гулянкі,\\ Песні-вяснянкі\\ Аж да світанку.\\ \\ Хлопец жалобу носіць на полі.\\ Ён у бярозы пытаецца з болем:\\ – Што ж не схавала ты любую голлем?\\ – Надзя! Надзейка!.. – плача жалейка.\\ \\ З лісцем пажоўклым горкія слёзы\\ Падаюць, сыплюцца з белай бярозы:\\ – Як наляцела цемра-навала,\\ Змеі напалі, джалілі джалам.\\ Дымам дыхнулі, – чорнай я стала,\\ З крыкам і тлумам,\\ Гвалтам і глумам\\ Красу загубілі,\\ Дзяўчыну забілі.\\ Ходзіць па лесе, пушчах, дубровах\\ Хлопец разгневаны, хлопец суровы:\\ – Скора вярнуся\\ Разам з сябрамі,\\ Грукнем маланкамі\\ Ды перунамі,\\ Выпечам змеяў жалезам калёным,\\ Неба ачысцім, хмары разгонім,\\ Дзеўчыну ўславім,\\ Голле расправім,\\ Травы абсыплем чыстай слязою,\\ Чыстай слязою,\\ Быццам расою.\\ Надзя! Надзейка!.. – кліча жалейка. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кастусь-каліноўскі]] * [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі]] * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-зямля-беларусі-урывак-з-п]] * [[творы/пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб]] * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кропля]]