Пятрусь Броўка — Маладым

Не ахопіш вачамі –
Нівы, пожні, ралля…
Скрозь яна
Перад намі –
Наша маці-зямля.

Дол шырокі калгасны,
Гоні, пушчы, лясы…
Рэчак
Сінія пасмы
І дарог паясы.

Гэта ўсё дарагое
Я ад малку люблю.
Хто ж не любіць
Душою
Нашу маці-зямлю!

Яна ж корміць і поіць,
Апранае адна.
Выйдзі,
Глянь ты вясною,
Як гамоніць яна!

Трактарамі, плугамі,
Пышным цветам садоў,
Ручаямі,
Лістамі,
Перазвонам дуброў.

А як лашчыцца вуха
Ад гамонкі тае…
Выйдзі
Летам, паслухай,
Як зямля нам пяе.

Як звініць у пракосах,
Красаваннем дыміць,
Як спявае
Калоссем,
Як садамі шуміць!

Лета коціцца шпарка
Па адцвіўшых шляхах,
Выйдзі
Восенню яркай,
Глянь вакол па прасцяг.

Як бы хто самавіта
У стагі ўсё пазнёс,
Быццам
Меддзю наліты
Грушы, яблыні скрозь.

Снег закружыцца роем,
Завіхурыць калі, –
Не падумай,
Зімою
Не заснулі палі.

Пад бялюткаю коўдрай
Адпачнуць цішынёй,
Каб магутна
І шчодра
Зноў узняцца вясной.

Друг мой юны, таварыш,
Тут мы ўсе узраслі,
Хіба лепей ёсць
Мары,
Чым аб нашай зямлі?

А такія, каб сёння
Скрозь гула збажыной…
Не праходзь жа
Староннім
Ты, як вецер, па ёй.

Будзь старанным і дбалым,
Ведай, –
Нельга забыць
І маленькі кавалак,
Што аблогам ляжыць.

Засявайце ж руплівей
Зернем чыстым вакол,
Чым зямля
Урадлівей –
Багацейшы наш стол!

Шчасце ў працы знайшоўшы,
Добра поле араць.
Добра,
З плугам прайшоўшы,
Радасць жніва пазнаць.

Добра зведаць напэўне
Шчодры восеньскі час –
Пах саломы,
Што зерне
Гадавала для нас.

Скрозь зямля адгукнецца,
Толькі дружна працуй,
Толькі
Шчырага сэрца,
Рук сваіх не шкадуй!

Стань з юначаю сілай
На прыгожы свой шлях.
Помні, –
Нас узрасціла
Наша маці-зямля!

Падобныя старонкі