Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пятрусь-броўка:пятрусь-броўка-кастусь-каліноўскі

Гэта старая версія дакумента!


Пятрусь Броўка — Кастусь Каліноўскі

На Беларусі
Па вёсках ідуць пагалоскі —
З'явіўся Кастусь Каліноўскі.

Чаму так назвалі хлапца — невядома.
Ці, можа, што у світцы ён шэрай знаёмай?
Ці, можа, што мае блакітныя вочы?
Ці, можа, што тайна з'яўляецца ўночы,
Што мужны ён з твару,
Што немцам ён — кара:
Як прыйдзе, успыхнуць у катаў пажары
І ляжа, пабітая, ўпокат пачвара.

А покуль збяруць акупанты пагоню —
Далёка займчаць Каліноўскага коні…
Хай немцы шукаюць
Ля Гайны ўзбярэжжаў,
А ён каля Нёмна ці дзе ў Белавежы
З хлапцамі-сябрамі
Другую стрэў зграю
Ды меч ад варожай крыві выцірае.

І чуе ён голас народны,
Бацькоўскі:
— Ты, сын мой геройскі,
Кастусь Каліноўскі!
Чаму так назвалі, хто знае прычыну?
Ці, можа, што зваўся ён проста — Каліна?
Ці, можа, што воласам светла-ільняны?
Ці, можа, што ў світцы цяпер саматканай?

На гэта мы скажам
Сябрам па-сяброўску —
Ён сэрцам вялікім
Кастусь Каліноўскі.
Калі ён пачуе, як ворагі скачуць,
Калі ён пачуе сірочыя плачы
Ля рэчкі Бярозы, –
Душу яго слёзы
Запаляць.
І будзь ён пад Бугам ці далей дзе, можа,
Ён шабляй дастане да самай Бярозы,
Да сэрцаў варожых,
І коцяцца голавы катаў у лозы.

Калі далятаюць кайданныя звоны, —
Ён знае, што родных вядуць да палону,
Дык будзь ён пад Мінскам
Ці ў іншым дзе месцы, —
Ён куляй дагоніць іх варту на Брэсце.
Прыходзяць дзяўчаты
Дахаты,
І плачуць яны, і спяваюць.
Той песняй яго праслаўляюць,
Што ёсць Каліноўскі на свеце,
Што ён ратаваў іх ад смерці.

Калі-ж ён пабачыць — шугаюць зарніцы, —
Ён знае, што ў вёску прыйшлі чужаніцы,
Дык будзь ён ад вёскі
Далёка-далёка, —
Прымчыцца суровы і смелы, як сокал:
Зазвоніць клінкамі,
Паб'е капытамі, —
І ворагі лягуць на доле касцямі.

А з вёскі да вёскі ідуць пагалоскі:
Жыве ў Беларусі Кастусь Каліноўскі;
Ён сілай магутны, душою агністы,
Нядаўна ў калгасе ён быў трактарыстам,
Вясёлы заўсёды,
Вадзіў карагоды; .
Як хмары закрылі і сонца і зоры,
Пайшоў партызаніць да бору…

Няздарма чакае штоночы дзяўчына
Свайго закаханага хлопца Каліну,
Ці травеньскім ранкам
Ці ночкай ліпнёўскай —
Прыдзе Каліноўскі.

Дзяўчаты са ўсёй Беларусі пачулі, —
Збіраюць яму васількі на кашулю,
І маці праз доўгія, сумныя вёсны
Ткуць пояс квяцісты герою на кроснах;
Чакаюць крыніцы яго ледзяныя,
Лясы, паўзнімаўшы смыкі смаляныя,
Каб разам з вятрамі наладзіць вяселле,
Ударыць па струнах,
Па хвалях дняпроўскіх, —
Што з вечнаю воляй
Прыйшоў Каліноўскі.

Падобныя старонкі

  • міхась-кавыль/міхась-кавыль-кастусь-каліноўскі
  • іншае/кастусь-каліноўскі-мужыцкая-праўда
  • нявеста-каліноўскага
  • кастусь-каліноўскі
  • станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-хай-літва-і-беларусь-
творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кастусь-каліноўскі.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki