~~META: title = Пятрусь Броўка — Канец лета &keywords = сонца, пакуль, вецер, дзяўчаты &abstract = Чытаць верш Петруся Броўкі "Канец лета" &iftrue = nan ~~ ====== Пятрусь Броўка — Канец лета ====== Жнівень выйшаў. Восені пачатак.\\ I па ўзлессі жоўтыя сляды.\\ Сілы правяраюць птушаняты –\\ Б’юць па голлі крыллем маладым.\\ Правяраюць хорам галасістым\\ Крылляў адгадованых узмах,\\ Значыць, першы вецер ледзяністы\\ Ім другі пакажа сёння шлях.\\ Там на поўдні – сонца і крыніцы,\\ Дзень пагодны, цёпел і вялік,\\ Толькі верабейчыкі-тубыльцы\\ Разважаюць ціха: чык-чырык...\\ Па дарогах зярняты збіраюць,\\ Што схаваны пылам і жарствой.\\ Племя вераб’інае! Ты знаеш:\\ Тут зімой таксама хараство.\\ А пакуль на небе многа сіні,\\ Як ты, вецер, хмары ні гані...\\ А пакуль – лістота на асінах\\ Гулкімі шархоткамі звініць,\\ Сонца па-ранейшаму няспынна\\ Раскідае стрэлы па зямлі,\\ Як дзяўчаты, стройныя рабіны\\ Чырванню адменнай зацвілі.\\ Мы яшчэ з лясамі пагаворым,\\ Арахоў насыплем у прыпол,\\ Хай сабе, што восеньскія зоры,\\ Як апорты, падаюць на дол.\\ Хай сабе,\\ Што птушак будзе меней,\\ Мы і самі добра запяём!..\\ Нам дзяўчаты песнямі заменяць\\ Самых галасістых салаўёў.\\ Прыйдуць ветры,\\ Разгайдаюць струны,\\ Раскалышуць нетравыя сны,\\ Пройдзе сонца па гусцейшай руні,\\ Будзе ўсё падобна да вясны.\\ І калі часамі дождж заплача,\\ Шэрым зайцам скочыць па двары...\\ Не сумуйце, мы яшчэ паскачам\\ Да апошняй ранішняй зары. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-плакала-лета-зямлю-пак]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-лета]] * [[ibdc.ped>летам-у-бары]] * [[ibdc.ped>шчаслівая-ўсмешка-лета]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-лета]]