Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:пятрусь-броўка:пятрусь-броўка-брат-і-сястра

Гэта старая версія дакумента!


Пятрусь Броўка — Брат і сястра

З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына.
Не стрэўся з дачкою,
Не ўбачыў ён сына,
Бо хлопца схавалі дняпроўскія хвалі,
А дзеўчыну карнікі ў лесе скаралі.
З баямі дарога,
Цяжкая дарога.
Вярнуўся Крушына,
Прыйшоў да парога,
А ў сэрцы жалоба,
А ў сэрцы трывога.
Застаўся Крушына адзін у хаціне.
Каб вечна аб дзецях жылі ўспаміны.
Схадзіў ён да лесу па клён і рабіну,
Прынёс, пасадзіў іх пад ціхай страхою,
Карэнні паліўшы бацькоўскай слязою.
Прыйшоўшы да бацькі з падлеснай даліны,
Расці прыняліся
I клён і рабіна.
Наскочыла восень –
Марозная просінь,
Сады пажаўцелі,
Лісты паляцелі.
Наскочыла восень,
Буй-вецер загушкаў,
Пытаецца бацька
Ў любімай дачушкі:
– Дзяўчынка-рабінка, з уборам чырвоным,
Напэўна, дачушка, сягоння сцюдзёна? –
Да нізкай хаціны
Пад крык жураўліны
Схіліўшы галіны,
Шапнула рабіна:
– Ой, татачка, тата, не жалься багата,
Бо цёпла мне, тата, ля роднае хаты.
Нагрэлася я ля агнёў партызанкай.
Ты глянь, я чырвона і ўвечар і ўранку. –
Па белай дарозе
Прыбеглі марозы,
Мятлюга задзьмула,
Зіма агарнула.
Зіма закавала
Ручайкі ў ільдзіны.
Пытаецца бацька
Ў любімага сына:
– Каторы дзянёчак мароз, як званочак,
Напэўне, замёрз ты, кляночак-сыночак? –
На шэрым світанку,
Прынікшы да ганку,
Пад ветраў гамонку
Клён выказаў звонка:
– Не бойся, мой тата, не страчу я сілы,
Зіма цёплай коўдрай мне ногі накрыла.
Нагрэўся я ў бойках, цяпер не скалею,
Ты ж бачыў увосень, як я палымнею. –
З вялікім разгонам
На крыллях зялёных
З чаромхаю белай
Вясна прыляцела.
Вясна прыляцела
З прыгоршнямі кветак.
Пытаецца бацька
Ды ў двух сваіх дзетак:
– Спяваюць дубровы, зялёныя долы.
Скажыце мне, дзеці, ці ў сэрцы вясёла? –
Расправіўшы вецці,
Сказалі ўдвух дзеці, расцвіўшы на сонцы,
Шапнулі ў аконца:
– Нам добра сягоння, з табою гамонім,
Цябе мы ад спёкі сабою заслонім,
Заслонім лістамі ад дожджу касога,
Ад гора ліхога, ад вока благога,
Хай бачаць, хай знаюць, хай ведаюць людзі:
Мы, дзеці, з табою заўсёды мы будзем!

Падобныя старонкі

  • пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі
  • пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кропля
  • пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-зямля-беларусі-урывак-з-п
  • пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб
  • пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кастусь-каліноўскі
творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-брат-і-сястра.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki