~~META: title = Пятрусь Броўка — Брат і сястра &keywords = пытаецца, клён, дзеці, бацька, сэрцы, зіма, крушына, тата, заслонім, прыляцела, восень, белай, дарога &abstract = Чытаць верш Петруся Броўкі "Брат і сястра" &iftrue = nan ~~ ====== Пятрусь Броўка — Брат і сястра ====== З далёкіх паходаў вярнуўся Крушына.\\ Не стрэўся з дачкою,\\ Не ўбачыў ён сына,\\ Бо хлопца схавалі дняпроўскія хвалі,\\ А дзеўчыну карнікі ў лесе скаралі.\\ З баямі дарога,\\ Цяжкая дарога.\\ Вярнуўся Крушына,\\ Прыйшоў да парога,\\ А ў сэрцы жалоба,\\ А ў сэрцы трывога.\\ Застаўся Крушына адзін у хаціне.\\ Каб вечна аб дзецях жылі ўспаміны.\\ Схадзіў ён да лесу па клён і рабіну,\\ Прынёс, пасадзіў іх пад ціхай страхою,\\ Карэнні паліўшы бацькоўскай слязою.\\ Прыйшоўшы да бацькі з падлеснай даліны,\\ Расці прыняліся\\ I клён і рабіна.\\ Наскочыла восень –\\ Марозная просінь,\\ Сады пажаўцелі,\\ Лісты паляцелі.\\ Наскочыла восень,\\ Буй-вецер загушкаў,\\ Пытаецца бацька\\ Ў любімай дачушкі:\\ – Дзяўчынка-рабінка, з уборам чырвоным,\\ Напэўна, дачушка, сягоння сцюдзёна? –\\ Да нізкай хаціны\\ Пад крык жураўліны\\ Схіліўшы галіны,\\ Шапнула рабіна:\\ – Ой, татачка, тата, не жалься багата,\\ Бо цёпла мне, тата, ля роднае хаты.\\ Нагрэлася я ля агнёў партызанкай.\\ Ты глянь, я чырвона і ўвечар і ўранку. –\\ Па белай дарозе\\ Прыбеглі марозы,\\ Мятлюга задзьмула,\\ Зіма агарнула.\\ Зіма закавала\\ Ручайкі ў ільдзіны.\\ Пытаецца бацька\\ Ў любімага сына:\\ – Каторы дзянёчак мароз, як званочак,\\ Напэўне, замёрз ты, кляночак-сыночак? –\\ На шэрым світанку,\\ Прынікшы да ганку,\\ Пад ветраў гамонку\\ Клён выказаў звонка:\\ – Не бойся, мой тата, не страчу я сілы,\\ Зіма цёплай коўдрай мне ногі накрыла.\\ Нагрэўся я ў бойках, цяпер не скалею,\\ Ты ж бачыў увосень, як я палымнею. –\\ З вялікім разгонам\\ На крыллях зялёных\\ З чаромхаю белай\\ Вясна прыляцела.\\ Вясна прыляцела\\ З прыгоршнямі кветак.\\ Пытаецца бацька\\ Ды ў двух сваіх дзетак:\\ – Спяваюць дубровы, зялёныя долы.\\ Скажыце мне, дзеці, ці ў сэрцы вясёла? –\\ Расправіўшы вецці,\\ Сказалі ўдвух дзеці, расцвіўшы на сонцы,\\ Шапнулі ў аконца:\\ – Нам добра сягоння, з табою гамонім,\\ Цябе мы ад спёкі сабою заслонім,\\ Заслонім лістамі ад дожджу касога,\\ Ад гора ліхога, ад вока благога,\\ Хай бачаць, хай знаюць, хай ведаюць людзі:\\ Мы, дзеці, з табою заўсёды мы будзем! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пятрусь-броўка/творчасць-петруся-броўкі]] * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кропля]] * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-зямля-беларусі-урывак-з-п]] * [[творы/пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб]] * [[творы/пятрусь-броўка/пятрусь-броўка-кастусь-каліноўскі]]