~~META: title = Пятрусь Броўка — Багата, родная ты мова... &keywords = зямлі, мова &abstract = Верш Петруся Броўкі "Багата, родная ты мова..." &iftrue = nan ~~ ====== Пятрусь Броўка — Багата, родная ты мова... ====== Багата, родная ты мова,\\ Цябе стварыў і ўзнёс народ.\\ А вобразы якія ў словах,\\ А параўнанняў што за ўзлёт!\\ Вятры – вандроўнікі, вядома.\\ Барозны – гуслі на раллі,\\ А сосны – рыцары ў шаломах,\\ Крыніцы – вочы ўсёй зямлі.\\ А хвалі ўвосень – гэта зрэб’е.\\ Як срэбра, ручаёк цячэ,\\ А зоры – як цвікі на небе...\\ І шмат яшчэ, і шмат яшчэ!\\ Камусьці часам крыўдна трошкі,\\ Як заўжды, лепей маладым.\\ Дзяўчыну лічым мы бярозкай,\\ Завём старога пнём сівым.\\ Народ-мастак даўно прыкмеціў,\\ Што з бору сонейка ўзышло,\\ Што, быццам човен, – светлы месяц\\ І не адно ў яго вясло.\\ Што воблака плыве, як рыба,\\ Праз акіяны ўсіх нябёс,\\ Што так падобен хлеб да скібы\\ Тае зямлі, дзе ён узрос.\\ Радок сухі – без лісцяў голле,\\ А вобраз аздабляе шмат.\\ Ах, каб збіралася іх болей,\\ Ды каб усе на добры лад! ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/літаратурная-мова]] * [[слоўнік/мова-мастацкай-літаратуры]] * [[слоўнік/аўтарская-мова]] * [[слоўнік/няўласна-простая-мова]] * [[слоўнік/вершаваная-мова]]