Пятрусь Броўка — Ах, восень, восень...

Ах, восень, восень, ты пад сонцам
Неапісальнай пекнаты,
Ты раскідаеш,
Як чырвонцы,
З кляноў барвовыя лісты.
Табе між сосен нібы цесна,
Ірвешся ўдалеч,
На прасцяг,
Вятрамі завяла ты песню
Па ўсіх дарогах і шляхах.
На правады ж панасаджала
Шпакоў у некалькі радоў,
Як быццам імі напісала
Жывыя ноты між слупоў.

Падобныя старонкі