~~META: title = Паўлюк Трус — Падаюць сняжынкі &keywords = падаюць, сняжынкі, бялюткі, акном, тугі &abstract = Урывак з паэмы Паўлюка Труса «Дзесяты падмурак» &iftrue = nan ~~ ====== Паўлюк Трус — Падаюць сняжынкі ====== Падаюць сняжынкі –\\ дыяменты-росы,\\ Падаюць бялюткі\\ за маім акном…\\ \\ Расчасалі вішні\\ шоўкавыя косы\\ І ўранілі долу\\ снегавы вянок.\\ \\ Дзесьці у прасторах\\ празвінелі бомы.\\ Дацвілі пялёсткі\\ нейчае тугі…\\ \\ І здаецца зноўку –\\ еду я дадому\\ Пераведаць родных,\\ блізкіх, дарагіх.\\ \\ Axінае вечар\\ тонкія мярэжы,\\ На акне альвасы\\ дагарэлі ў сне,\\ \\ А ў душы квяцістасць,\\ і такая свежасць,\\ І з вачэй усмешкі\\ сыплюцца на снег.\\ \\ Зноў зіма паслала\\ снежныя кілімы,\\ Зажурыла беллю\\ паплавы, лугі,\\ \\ І прыходзіць радасць\\ у красе маўклівай.\\ Адплываюць хвілі\\ смутку і тугі…\\ \\ А сняжынкі сеюць\\ кволую імглістасць,\\ Падаюць бялюткі\\ за маім акном,\\ \\ І цвіце на вішнях\\ снежная ўрачыстасць,\\ Сцелецца на скронях\\ перад раннім сном.\\ \\ Хочацца навеяць\\ казкі-таямніцы\\ Гукамі мелодый,\\ радасцю без слоў.\\ \\ І застылі цені\\ у маёй святліцы,\\ Засынаю… Сніцца\\ роднае сяло. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ларыса-геніюш/ларыса-геніюш-на-каньках]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-беларуская-зіма]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-снежань]] * [[творы/змітрок-бядуля/змітрок-бядуля-сняжынкі]] * [[ibdc.ped>зімой-у-лесе]]