~~META: title = Павел Місько — Як дзеда дзялілі &keywords = дзед, светка, ната, добра, дзеда, мама, падзелім, валасы, дзедавы &abstract = Чытаць апавяданне Паўла Місько "Як дзеда дзялілі" &iftrue = True ~~ ====== Павел Місько — Як дзеда дзялілі ====== Мама слухала-слухала, як Ната і Светка сварацца за дзеда, і не вытрывала, паставіла прас.\\ – Хопіць мучыць дзеда! Калені вунь пааблузвалі. А то ў куток пастаўлю: адну – у гэты, другую – у той. Да самай «Калыханкі».\\ – А хай яна не лезе! Гэта мой дзед! – крычала Светка і ўскарабквалася на дзедава калена.\\ – Не, мой! – лезла на другое калена Ната.\\ Дзед збянтэжана і расчулена ўсміхаўся, гладзіў унучак па галоўках.\\ – Ты на гэтым калене сядзі, а ты – на гэтым, – сказаў ён.\\ – А Натка і так больш коўзалася па табе. На цэлы год больш і яшчэ на палавінку года.\\ – Ну дык што, калі яна старэйшая? Ёй жа таксама хочацца з дзедам пабыць. Гэта ж і яе дзед, а не толькі твой! – мама зноў пачала прасаваць бялізну.\\ – Злазь! – крычыць прарэзліва Светка і таўхае ў грудзі большую сястрычку, спіхвае з дзедавых калень. – Дзед будзе мой, толькі мой – год і яшчэ палавінку года! А тады ўжо будзе ўсіхны! Тады можаш лезці!\\ – У-у-у...– зацягнула з плачам бальшуха Ната.– Яна меншая, дык усё ёй ды ёй! І дзед адной ёй! А ў мяне нікога няма-а! – загаласіла яна.\\ – Як гэта няма? А я, а тата? А дзве бабулі? Другім разам прыедуць дзве бабулі. Як вы іх будзеце дзяліць? – спытала мама.\\ – Адна мне, адна Свеце! – сказала Ната.\\ – А мы і дзеда падзелім! Вось гэта нага будзе мая! – сказала Светка. – Дзядуля, якое імя ў гэтай нагі?\\ – Левая, унучка, левая.\\ – А мая – правая! – падгэцнулася на правай дзедавай назе Ната.\\ – А гэтая рука, што мяне абдымае, мая! – сказала Светка.\\ – А гэтая, што мяне па галоўцы гладзіць, – мая! – Ната ўлавіла дзедаву руку, зняла са сваёй галавы і пачала цалаваць то далонь, то кожны палец паасобку.\\ Тады Светка стала на дзедава калена і пацалавала ў шчаку.\\ – А гэтая шчочка мая! І гэтае вуха маё! І гэтае вока маё! І броўка! – цалавала Светка ўсё, што называла.\\ Тое самае зрабіла з праваю шчакою, правым вокам, вухам і брывом Ната.\\ – Ой, зацалуеце! Ой, пакіньце жывога! – смяяўся дзед ад іх казытлівых пацалункаў і сам цалаваў іх то адну, то другую.\\ – Дзеду, а чаму ў цябе адзін нос? – спытала Светка.\\ – А што, бываюць людзі з двума насамі? – спытаў дзед.\\ Ната зарагатала, а за ёю і Светка.\\ – З двума насамі не бывае! А як нам дзяліць адзін нос і адзін рот? – спытала Ната.\\ – А вы іх не дзяліце. Мне пакіньце. А то ўсё падзеліце, а што мне застанецца?\\ – Ну, добра, – згадзілася, падумаўшы, Светка.\\ – Не будзем, – сказала і Ната. – А валасы падзелім. Ой, дзядуля, колькі ў цябе яшчэ валасоў!\\ – А от і не многа, – не згадзілася з ёю Светка. – На самым вяршэчку няма. Дзед, праўда, добра, што на вяршэчку пуста? Гла-а-адзень-ка... – пагладзіла яна дзедаву лысіну.\\ – Дзіва што добра, – усміхнуўся дзед. – Расчэсваць не трэба. Дзяліце пароўну, кожны валасок лічыце, – сказаў ён сур’ёзна.\\ – А мы лічыць столькі не ўмеем! Мы да дзесяці ўсяго... Мы проста так падзелім... Во... дасюль – мае... – учапілася рукамі ў дзедавы валасы Ната і пацягнула да сябе.\\ – А-ай-я-я-я-яй! – заенчыў дзед.\\ – А з гэтага боку мае! – учапілася аберуч у дзедавы валасы і Светка.\\ – Аво-я-я-ё-ёй! – залямантаваў дзед яшчэ мацней.\\ Мама перастала прасаваць бялізну. Узяла фартух і пагрозліва страсянула ім.\\ – Перастанеце вы здзекавацца з дзеда ці не?! Марш па кутках!\\ А дзед у гэты час ссаджваў з калень Нату і Светку. Ссадзіў і пайшоў у калідор. Дзеці за ім. Дзед узяў паліто і сказаў:\\ – Паеду ад вас. У мяне ж яшчэ ўнукі ёсць – Сева і Міша. І яны мяне таксама любяць, але не дзеляць на кавалкі. Буду ім «усіхным» дзедам.\\ Дзяўчынкі знямелі ад такіх слоў. І раптам дружна зараўлі:\\ – А мы-ы-ы?! А нам без дзеда астава-ацца?!\\ Выйшла ў калідор і мама.\\ – А божа, што сёння за дзень такі... – Прысела каля дачушак, прыгарнула іх да сябе абедзвюма рукамі, зашаптала на вушкі: – Скажыце дзеду, што вы пажартавалі, добра? Што больш не будзеце дзяліць. Праўда ж, вы пажартавалі?\\ – Ага-а... – Светка падышла і абняла левую нагу дзеда, Ната – правую. А насамі шморгаюць, чмыхаюць.\\ – Ну, добра, ну, годзе ўжо плакаць. Я ўжо не сярдую... Я таксама пажартаваў... – не ведаў дзед, як іх суцешыць. Павесіў паліто на месца.\\ – Ой, а чаго ж мы топчамся тут! – нібыта спалохалася мама. – Там жа «Калыханка» пачынаецца!\\ Усе патупацелі ў пакой. Дзед сеў на мяккае крэсла перад тэлевізарам. Дзяўчынкі зноў залезлі на дзедавы калені – кожная на сваё.\\ Светка прылашчылася да дзеда, зашаптала:\\ – Дзеду! Пасля «Калыханкі» мама цябе не пагоніць адразу спаць? Ну і добра... Я цябе памыю нанач: левую шчочку, левае вуха, левую броўку... А нос увесь-увесь! Чысценька!\\ – Ну што ж, памый! – усміхнуўся дзед. Але Светка тут жа задумалася.\\ – Не-е, – сказала яна. – Нядобра рабіць работу напалавінку. Я цябе ўсяго памыю. І зубы табе пачышчу. У мяне, ведаеш, якая смачная паста, пахучая? У-у-у! Толькі ты не ўцякай, добра?\\ – Не буду, – дзед абдымае абедзвюх унучак.\\ Памірыліся... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/павел-місько/павел-місько-грот-афаліны]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-эрпіды-на-планеце-зямля]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-навасёлы]] * [[творы/павел-місько/апавяданні-паўла-місько]] * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-трэба-дома-бываць-часцей]]