~~META: title = Павел Місько — Чараўнік Косця &keywords = косцік, пеця, косціка, сініца, птушкамі, акна, чыжык, вісіць, міленькая, корм, драцінкі, клеткі, пеначка &abstract = Чытаць апавяданне Паўла Місько "Чараўнік Косця" &iftrue = True ~~ ====== Павел Місько — Чараўнік Косця ====== – Толькі ты ціха… Зразумеў? Не любяць яны чужых. Адразу непакояцца, пачынаюць мітусіцца.\\ – Добра, добра! Я ціха… – Пеця быў згодны на ўсё, абы трапіць да Косці Чыжыка. Яму ўжо нарасказвалі ў школе пра Косціка і яго птушак, якія разумеюць Косціка і могуць нават размаўляць.\\ Косцік адчыняе дзверы свайго пакоя, і Пеця заходзіць на пальчыках. Бачыць: злева, каля акна, вісіць некалькі клетак з птушкамі, справа ад акна, на тумбачцы, стаіць вялізны акварыум, падсвечаны лямпачкаю. Яшчэ адзін, невялічкі, з маленькімі агністымі рыбкамі, вісіць на сцяне, нібы гэта карціна. Косцік паказвае Пецю на крэсла каля тумбачкі з акварыумам, а сам падыходзіць да клетак з птушкамі.\\ – Ну што, мае маленькія, што, шчабятушкі? – ласкава загаварыў з птушкамі Косцік. – Сумавалі без мяне? Зараз пачышчу ў вас. Хто ў чым сёння хоча пакупацца – у пяску ці ў вадзе?\\ Косцік прыбіраў у клетках, мяняў корм і ваду, размаўляў з птушкамі. Яны таксама разгаварыліся.\\ – Зінка-сінічка, як цябе завуць?\\ – Сін Зін! – адказала сініца, учапіўшыся лапкамі за драцінкі клеткі і стараючыся разгледзець, што збіраецца сыпнуць у кармушку Косцік.\\ – Не, трохі не так. Кажы – сінічка Зінка! – вучыў Косцік.\\ – Сін Зін! – усё роўна скараціла назву сініца.\\ Пеця перастаў разглядаць рыбак, ажно рот разявіў ад здзіўлення.\\ – Ну, а як мяне зваць?\\ – Кінь-сцінь-цінь! – празвінела сініца.\\ – Правільна, Канстанцін. Толькі вымаўляеш яшчэ невыразна. Але ты пастараешся, праўда?\\ – Кінь-сцінь-цінь. Ці-жы-жы! – старанна вымавіла сініца.\\ – Не Ці-жы-жы, а Чы-жык. Чыжык – зразумела?\\ Косцік пачаў падмятаць клетку ў шпака.\\ – Тваё прозвішча Цьвіст, так?\\ – Цьвіст… Цьвіст! – адказаў шпак.\\ Пеця не вытрываў, засмяяўся. Але Косцік перасцярожліва падняў палец: «Ціха!»\\ – Тр-ройку пр-рынёс? – пацікавіўся шпак.\\ – Не, дурненькі, – пяць, – усміхнуўся Косцік.\\ – Піяць-піяць-піяць… – радасна залілася канарэйка.\\ – Міленькі, міленькі, міленеч-ч-чкі, – пахваліла другая.\\ – Канарэек у мяне пара, Цярэнцік і Мілка. Як пачнуць спяваць-залівацца! Ён усё яе расхвальвае, а яна яго…\\ І Пеця пачуў:\\ – Міленькая, міленькая, міленеч-ч-кая…\\ – Ціра-Ціра-Ціра-Церанцей… Церань-Церань-Цярэнцій… Цярэнцік-Церанчук, Церанчучок-Цераранчучочак…\\ – А ў гэтай клетцы – пеначка Леначка. Яна нядаўна ў мяне. Маладзенькая, яшчэ нічога не ўмее… Ну што, жаўтагрудка, што? – Косцік пазваніў пазногцем па драцінках клеткі.\\ Пеначка адляцела ад яго, сама пазваніла дзюбкай аб драцінкі: цень-дзінь, цень-дзень.\\ – Я табе цымбалікі зраблю, калі ты такая цымбалістка, – паабяцаў Косцік.\\ – А ў старым доме, дзе я жыў раней, у суседа былі папугаі-неразлучнікі. Ну й забаўныя!.. – не ведаў, чым пахваліцца, здзівіць Косціка Пеця.\\ – Былі і ў мяне. Аддаў у школу, у жывы куток. Не люблю іх. Вечна балбочуць абы-што, абгаворваюць мяне. У корме грэбаюцца, усё ім не падабаецца.\\ – Адкуль ты ведаеш, што абгаворвалі? – недаверліва паглядзеў на Косціка Пеця.\\ – Сам чуў. Сяджу ціха, рашаю задачы. А яны думалі, што я не чую і не разумею іх, давай трашчаць: «Во наліў… А неакуратны які!» – «Паглядзім, чаго насыпаў… Ну, хіба гэта корм? Адно зярнятка добрае, а тры-чатыры парожнія…» – «Чачавіца не дробленая…» – «Кожны дзень адно і тое ж, адно і тое ж…»\\ Ішоў Пеця ад Косціка дадому і думаў: «Хто ён, гэты Чыжык? Проста фантазёр ці самы сапраўдны чараўнік?»\\ І па-добраму зайздросціў свайму новаму сябру. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[ibdc.ped>птушкі-шчасця]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]]