~~META: title = Павел Місько — Каляндар сумлення &keywords = толя, сцёпа, каляндар, коля, бабуля, мармышка, настаўніца, трубку, газету, намаляваць, дадому, малюнкамі, падлозе &abstract = Чытаць апавяданне Паўла Місько - "Каляндар сумлення" &iftrue = nan ~~ ====== Павел Місько — Каляндар сумлення ====== **1** Як прайшло ўжо колькі ўрокаў малявання, настаўніца сказала:\\ – Сама лепш малююць Толя Васільеў і Сцёпа Мармышка...\\ Усе вучні раўніва паглядзелі на Толю і Сцёпу. А Коля падумаў: «А мяне не назвала... Я ж Толеў брат».\\ – Для вас будзе дамашняе заданне: намаляваць класны каляндар надвор’я. Во, на гэтай паперы намалюеце. Дзяжурны будзе кожны дзень адзначаць тэмпературу паветра, ападкі... – Валянціна Іванаўна падняла папяровую трубку, загорнутую ў газету. – Сядайце, сядайце! – спыніла яна Мармышку і Толю, бо тыя ўжо навыперадкі памкнуліся да стала. – Тут я прыкінула, як трэба расчарціць, намаляваць, дзе што напісаць, – яна падняла і паказала маленькі лісток, вырваны са сшытка. – Калі надпісы самі не зможаце зрабіць, папрасіце тату або маму.\\ Коля крыўдліва ўнурыўся: «А чаму не Толю і мне даручыла? Нам жа лепш каляндар рабіць, мы ў адной кватэры жывём». З-за гэтай крыўды ён нічога не чуў і не бачыў на ўроках. Толя таксама ўвесь чацвёрты ўрок думаў пра каляндар, пра важнасць даручэння.\\ Дадому ішлі разам з Мармышкам. Бабуля, якая прыйшла сустракаць, забрала ў іх ранцы і ішла памалу ззаду. Коля маўчаў, а Толя і Сцёпа трашчалі, як галкі на коміне: «Мы такое намалюем! Такое!» – «Лепш за ўсіх!» – «Вучні чацвёртага «Б» класа лопнуць ад зайздрасці!»\\ – Ваш каляндар не будзе прыгажэйшы, чым у першым «Б»! – не стрываў Коля. – Там каляндар бацька аднаго вучня намаляваў. Ён мастак, во!\\ – А вось і будзе! А вось і будзе! – адказалі Толя і Сцёпа, і можна было падумаць, што гэта два вялікія сябры.\\ – Я, калі захачу, у сто разоў лепшы намалюю! – крычаў Мармышка. – Я, калі захачу, бацька мне такія акварэлькі купіць! У-у-у... Я, калі захачу...\\ **2** Маляваць рашылі ў Толі. Па дарозе Мармышка заскочыў дадому, кінуў сумку.\\ Прыйшлі, разгарнулі трубку... У ёй былі два аркушы, а не адзін. Нашто два? Настаўніца ж гаварыла намаляваць адзін каляндар.\\ Палеглі на падлозе жыватамі наўкола аркуша. Пакрычалі, паспрачаліся, каму чарціць, каму расфарбоўваць. Хацеў нешта параіць і Коля, але на яго так дружна накінуліся, што ён змоўк і пайшоў ад іх. Урэшце малявальшчыкі дамовіліся: Толя расчэрчвае і малюе літары простым алоўкам, а Сцёпа расфарбоўвае.\\ Колю было не ўцярпець, і ён зноў прыйшоў да хлопцаў. Узяў у рукі падшыўку «Вожыка», усеўся на крэсла і пачаў гартаць. «Падумаеш... Ёсць там у іх што глядзець! От у часопісе намалёвана дык намалёвана... Жывоцік надарвеш ад смеху!» – думаў ён.\\ І знарок моцна хіхікаў, пасмейваўся, чмыхаў, потым рагатаў на ўвесь голас, а на малявальшчыкаў не глядзеў.\\ – Выйдзі адсюль, ты нам перашкаджаеш! – крычаў на яго Толя.\\ – А кватэра ўсіхная, не толькі твая! Дзе хачу, там і рагачу! – адрэзаў Коля.\\ Сцёпа не вытрываў, устаў з падлогі і таксама ўсунуў нос у «Вожык». Рагаталі ўжо ўдвух, а Толя маляваў адзін, лаяўся, гразіў паскардзіцца бабулі.\\ Бабуля ўрэшце паклікала Колю на кухню. Патрэбна была Колева дапамога: яна накупляла пластмасавых дзіцячых кубікаў і зараз адпілоўвала нажом у кожнага адну сценку. Атрымліваліся чатырохвугольныя вазончыкі. Маленькія, акуратныя, рознакаляровыя... Добра прыстаўляюцца адзін да аднаго, мала займаюць месца.\\ – У іх пасадзім кактусы і кактусяняты... – сказала бабуля.\\ Праз паўгадзіны Коля заглянуў у пакой. Мармышка сядзеў у крэсле з часопісамі і гыгыкаў над малюнкамі. А Толя кончыў чарціць і расфарбоўваў вялікія літары загалоўка.\\ Заглянуў яшчэ праз гадзіну: Толя ўжо канчаў расфарбоўваць загаловак, а Сцёпа ўсё рагатаў над малюнкамі ў часопісах, дрыгаў нагамі.\\ Яшчэ раз заглянуў: Сцёпа ляжаў з «Вожыкам» на падлозе, а Толя прымяркоўваў па кутках календара – ужо гатовага! – паштоўкі з малюнкамі.\\ – Э, у мяне лепшыя ёсць! – усхапіўся Сцёпа, адсунуў падшыўку ад сябе.\\ – Бяжы прынясі, прыклеім, – сказаў Толя.\\ – А нашто насіцца сюды-туды! Я прыклею дома, а заўтра прынясу ў школу.\\ Толя згадзіўся, і Сцёпа згарнуў каляндар у трубку, пайшоў.\\ **3** Праз гадзіны паўтары, ужо цямнела, бабуля пайшла ў гастраном. Вярнулася і гаворыць:\\ – А Сцёпа яшчэ і не заходзіў дадому. Мяч ганяе з хлапчукамі, а каляндар пад пахаю...\\ Толя хацеў бегчы на двор сварыцца са Сцёпам. Але бабуля не пусціла:\\ – Ты сваё зрабіў? Зрабіў! Нават больш, а вам жа даручылі абодвум. Калі што, то заўтра паглядзіш. А цяпер рабі ўрокі. Коля вунь ужо два зрабіў...\\ Раніцаю Сцёпа прынёс Толю каляндар. Завэдзганы, скамечаны. Паштоўкі прыляпіў так, што з-пад іх расцякліся ў бакі струмені клею.\\ – Нічога, добра будзе... Мы ж не мастакі. Гэта ў «Б» класе дык бацька-мастак ёсць, – апраўдваўся Сцёпа.\\ Толя знямела глядзеў на каляндар: ён быў падобны да бруднай анучы.\\ – Ну, я пабег. Трэба яшчэ ўрокі рабіць, – Сцёпа крутнуўся і ўцёк.\\ Добра, што настаўніца дала запасны аркуш паперы! Добра, што заняткі ў іх пачынаюцца ў другую змену! Добра, што Коля парабіў урокі і бабуля дома была – памаглі!\\ Зноў Толя пластом ляжаў на падлозе, размячаў, расчэрчваў. Коля перабіраў навагоднія паштоўкі, падшукваў малюнкі. Бабуля выстругала з тоўстага сырога дубца лапатачку-пяро, роўненька падрэзала. I хвілін за дзесяць чырвонай тушшу напісала гэтай лапатачкай прыгожы загаловак – «Каляндар надвор’я».\\ – Засохне, дык ты яшчэ алоўкам дай каляровыя цені літарам. Сняжынкі сям-там раскінь, воблачкі, сонейка... Назвы месяцаў і лічбы я напішу...\\ Праз гадзіну новы каляндар быў гатовы. Асцярожна загарнулі ў газету...\\ У клас убеглі Толя і Коля тады, як празвінеў званок.\\ – Пакажы каляндар, – адразу выхапіў Мармышка трубку з рук Толі. Тр-р... Ж-жых... Парваў газету, разгарнуў паперыну.\\ А тут і настаўніца зайшла ў клас.\\ – Добры дзень, дзеці!\\ – Валянціна Іванаўна! – кінуўся Мармышка да настаўніцы. – Во, я зрабіў «Каляндар надвор’я».\\ – Добра, дзякую. Пачнём урок, – сказала настаўніца.\\ Толя аслупянеў ад такога нахабства Мармышкі. I не знайшоў, што сказаць. У вачах закруціліся слёзы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/павел-місько/павел-місько-грот-афаліны]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-навасёлы]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-адарка-і-пацукі]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-эрпіды-на-планеце-зямля]] * [[творы/павел-місько/апавяданні-паўла-місько]]