~~META: title = Павел Місько — Здрада &keywords = глядзіць, кошка, сядзіць, дзвярэй, людзей, пусціла, пераходзе, пажыві &abstract = Верш Паўла Місько "Здрада" &iftrue = nan ~~ ====== Павел Місько — Здрада ====== Метро.\\ Падземны пераход...\\ Каля падсобкі нейчы кот...\\ Не, памыліўся, мабыць, трошкі:\\ Тры колеры – прыкмета кошкі...\\ Даўно, шмат дзён яна сядзіць\\ Каля прачыненых дзвярэй\\ І ўсё прыжмурана глядзіць\\ На ногі тысячаў людзей,\\ Нібы чакае ўсё кагосьці,\\ Нібы ва ўсіх, ва ўсіх пытае:\\ Дзе дзелася жанчына тая,\\ Што да ката насіла «ў госці»?\\ Назад, дадому ж, не занесла,\\ Бо дома, бачыце, так цесна,\\ Пусціла кошку ў пераходзе,\\ Дзе тлуму больш, дзе людзі ходзяць.\\ Сама ж як хвосцікам накрылася,\\ Умомант знікла, растварылася...\\ А кошка тоўстая сядзіць,\\ І на людзей глядзіць, глядзіць,\\ За тварамі людскімі сочыць,\\ Сустрэць жанчыну тую хоча,\\ Каб зазірнуць пытальна ў вочы:\\ «Ну хіба ёсць мая віна,\\ Што скора буду не адна?»\\ \\ З дзвярэй выглядвае кабета:\\ – Ты плюнь, гарушка, на заразу!\\ Во гэткія ў раддоме зразу\\ Зракаюцца і сваіх дзетак.\\ Скарае Бог яе за гэта.\\ Хадзі хоць душу пажыві,\\ Дам хлеба, дам і малачка,\\ А як захочаш – пажыві ,\\ Мо будзеш лепшай, чым дачка,\\ Але нікому ні мур-мур,\\ Што я тут днюю і начую...\\ Акна няма... Бетон, мармур...\\ Труна каменная...\\ Не чую,\\ Што ў пераходзе, хоць з гармат\\ Страляй ці бі ў якія звоны... –\\ Сцягла з сябе камзол-халат,\\ Што быў мо некалі чырвоны,\\ І кошку гэткаю апраткай\\ Захутала, нібы дзіцятка.\\ Як несла – да грудзей туліла,\\ Шаптала штосьці ёй чулліва,\\ А потым і слязу пусціла:\\ – Выгнанніца ж і я таксама...\\ Не трэба дзеткам ужо мама...\\ А заўтра сяду я з табою\\ З працягнутай рукою... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/павел-місько/павел-місько-навасёлы]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-грот-афаліны]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-адарка-і-пацукі]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-эрпіды-на-планеце-зямля]] * [[творы/павел-місько/апавяданні-паўла-місько]]