~~META: title = Павел Місько — Добры чалавек &keywords = яблыкі, лесе, бабуля, чалавек, пакаштуй, смачны, грушы, захарка &abstract = Чытаць апавяданне Паўла Місько "Добры чалавек" &iftrue = nan ~~ ====== Павел Місько — Добры чалавек ====== Шмат у лесе дзічак – і груш, і яблынь. Ідзеш-ідзеш, і раптам стомленае вока як не ўзрадуецца. Без усякай маскіроўкі, не трэба і прыглядвацца, ляжаць пад дрэвам яблыкі...\\ Сустракаю ў лесе знаёмую бабулю Веру. Нагрузілася, як мурашка: у адной руцэ кіёк і торбачка, а ў другой – перагароджаная папараццю на дзве палавіны лубянка. У адной палавіне грыбы, у другой – грушы і яблыкі. На спіне напакавала нечым заплечны мяшок. Не бабуля – турыстка!\\ – А-а, і ты тут, – узрадавалася яна, убачыўшы мяне. – Не трэба з лесу ісці з пустымі рукамі. От я і нясу ўсяго... Давай пройдзем крыху ды сядзем, адпачнем.\\ Ідзём, гамонім. Бабуля азіраецца кругом, нешта ўсё выглядае.\\ – Ну, вось тут і прысядзем, – гаворыць яна і апускаецца на траву. – На, пакаштуй... Не махай рукамі, не аднеквайся: ты такія не еў... – і падае яна мне дзве грушы.\\ Смакую. I праўда, адна лепшая за другую. I сок смачны, і каменьчыкаў амаль няма.\\ – А паляжыць – за вушы не адцягнеш. Ого – грушка-гнілушка, ды яшчэ лясная... Унукі мае прыгаршчамі іх цярэбяць. Іх і сушыць можна. А які кампот смачны з яблык-дзічак! I павідла з іх, і варэнне можна рабіць. Ну, а цяпер пакаштуй во гэту...\\ Трэцяя груша была як садовая. Мо бэра, мо вінёўка.\\ – А цяпер во гэты яблычак... – падала мне бабуля вялікі, з курынае яйка, яблык.\\ – Штрыфель?! – пазнаў я па смаку. – Але пахне незвычайна, як мёдам. На дзічку і не падобны.\\ – А гэта і не дзічка. Быў такі чалавек у нашым сяле – Захарка. Капаў у лесе дзічкі, у сады пераносіў, прышчэпліваў. Вельмі смачныя яблыкі, калі прышчэпліваць да лясных. А потым стаў па лесе хадзіць, дзе маладзенькую грушу ці яблыньку сустрэне – зрэжа, прышчэпіць. Дзе старэйшую – то галінку ці дзве прышчэпіць. Знойдзеш цяпер такое дрэўца – як падарунак на свята.\\ – Помнік сабе чалавек зрабіў... – кажу я.\\ – Але, каторы год, як яго няма, а людзі ўсё дзякуюць чалавеку. Дабро – яно жывучае. А цяпер паглядзі назад!\\ Я азірнуўся. На паляну схілілася Захаркава яблыня. Дзве галіны на ёй былі незвычайныя – на адной яблыкі былі белыя, як папера, на другой – жоўта-аранжавыя, сплюшчаныя, як рэпкі.\\ Мы падышлі бліжэй.\\ – Як сонца... Налілася проста... Залаты ранет, – сказала бабка Вера.\\ Твар яе свяціўся, нібы не Захарка, а яна стварыла гэты цуд. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/павел-місько/апавяданні-паўла-місько]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-грот-афаліны]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-адарка-і-пацукі]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-навасёлы]] * [[творы/павел-місько/павел-місько-эрпіды-на-планеце-зямля]]