~~META: title = Ніна Мацяш — Калыханка маме &keywords = Мацяш, калыханка, мама &abstract = Чытаць верш Ніны Мацяш "Калыханка маме" &iftrue = nan ~~ ====== Ніна Мацяш — Калыханка маме ====== Быць разам выпадае нам так мала...\\ Забудзь трывогу вечную сваю,\\ Прыляж, мая натомленая мама,\\ Як некалі ты мне, табе спяю.\\ Задрэмлюць веі над вачыма карымі —\\ Не дам упасці й парушынцы я.\\ Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,\\ З вясной сваёю, любая мая.\\ \\ Хоць кропля з абяцанага нам маем\\ Збываецца праз мулкія гады.\\ Прыляж, мая даверлівая мама,\\ Спяю табе, як мне спявала ты.\\ Задрэмлюць веі над вачыма карымі —\\ Не дам упасці й парушынцы я.\\ Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,\\ З вясной сваёю, любая мая.\\ \\ Любоў нябёсы над табой трымае,\\ Любоўю зораць дні ў тваім акне.\\ Прыляж, мая усмешлівая мама,\\ Спяю табе, як ты спявала мне.\\ Задрэмлюць веі над вачыма карымі —\\ Не дам упасці й парушынцы я.\\ Сустрэнься ў сне з сабой, мая ласкавая,\\ З вясной сваёю, любая мая. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-запозненаю-дзікаю-ажынай]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-незалежнасць]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-дажджынка]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-бязладная-размова]] * [[творы/ніна-мацяш/творчасць-ніны-мацяш]]