~~META: title = Ніна Мацяш — За соснамі – мора &keywords = мора, дзень, зманьвай, неба, гукай, хвалю, чалавека, хваля, залаты, ключ &abstract = Чытаць верш Ніны Мацяш "За соснамі – мора" &iftrue = nan ~~ ====== Ніна Мацяш — За соснамі – мора ====== //Пляменніку Руслану// \\ **І** Упарта, пругка сэрца мора б’ецца. У памяць – хвалю шызую – ступі:\\ Разгубленасці ўзрост мінуў, здаецца –\\ Трывогам месца саступіў.\\ \\ У цяглых сосен праз гушчэўе веек\\ Глядзіць сцярожка неба сінізна.\\ О, боязь за другога чалавека!..\\ Адна ты робіш чалавека з нас.\\ \\ Адна ты нешта ў гэтым свеце значыш.\\ На поўдні зноў хмурына усплыла...\\ На золку чайкі, як жанчыны, плачуць,\\ Страсаюць цішу з белага крыла.\\ **II** Дзень натхнёна вяслуе пунсовым вяслом,\\ Выплываючы з мора.\\ Колькі вас, для каго сёння не прынясло\\ (Як і ўчора)\\ Ані ўзнёслых мінут, ні жывучай тугі,\\ Ні хвіліны жадання\\ Нескарона рассунуць (хоць на крок) берагі Свайго існавання...\\ След на ўбітым пяску ўвачавідкі зацёк\\ Каляроваю пенай.\\ Акунаюцца целы ў хвалі (лёсы ў быццё) Раўнадушна і лена.\\ \\ З сытай зморай гайдаюцца на ружовай вадзе.\\ І спрасонак\\ Ледзьве-ледзь адзначаюць: плыве міма дзень\\ На вёслах пунсовых.\\ **III** «Табе лягчэй: ты ўжо змірылася».\\ ...Ківаю галавою згодна,\\ Сачу, як цвёрда і лагодна\\ Выводзіць мора штось кірыліцай.\\ \\ Такое мернае, пакорнае\\ Сваім дыханнем галубіным.\\ ...Трагічным знакам бур глыбінных –\\ Палоска на ўзбярэжжы чорная. **IV** Хваля доўга вагалася ў незнаёмых глыбінях,\\ Прымервалася, выбірала,\\ Нарэшце –\\ Спружыніста ўскочыла,\\ Рассмяялася белазуба,\\ Падалася ўсім целам –\\ І вось\\ Пасяродку ўтравелага лета,\\ Як суніцы,\\ Зоры збіраю, –\\ Так ускінула хваля крутая мяне.\\ Упіваюся сілай сваёй нечаканай,\\ Халадзею ад думкі,\\ Што гэта ўсяго на імгненне.\\ Я падоўжу ўладу над часам! –\\ Я замкну чароўную хвалю,\\ Абгараджу, прыпыню!\\ \\ ...Ні прасторы галавакружнай,\\ Ні зор.\\ Смяецца над загародкамі\\ Стыхія.\\ **V** На ўзморы туман беспрасветна-густы,\\ Аж сонцу на неба не ўзбіцца.\\ Замкнёны рашуча на ключ залаты\\ Чаканні, каторым не збыцца.\\ І кінуты ключ залаты у ваду,\\ У горкую продань марскую.\\ І зманьвай не зманьвай цяпер – не прыйду, Гукай не гукай – не пачую... **VI\\ ** Не да мора прыбеглі сосны –\\ З мора выбеглі свет паглядзець.\\ У трывозе за лёс людзей\\ Зелянеюць яны і сохнуць. **VII** Хвалюецца салёная разлога,\\ Дзень, як бурштын, хаваючы на дне.\\ Усё ўспамінам стане, і дарогу Перамяце, засыпле ранні снег.\\ \\ А ўдома загудзе на ветры голле,\\ У волкай цемры цяжка зашуміць –\\ І уваскрэсне,\\ І падкоціцца да горла:\\ Стрывожанае мора,\\ Дзюны.\\ Мы...\\ \\ 11-18.07.1975\\ Дубулты\\ \\ Крыніца: Мацяш Н. Паміж усмешкай і слязой: вершы і паэмы 1962-1992. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 301 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>партрэт-сонца-і-мора]] * [[творы/віталь-вольскі/віталь-вольскі-беларускае-мора]] * [[ibdc.ped>мора-герадота]] * [[творы/эрнэст-хэмінгуэй/эрнэст-хэмінгуэй-стары-і-мора]] * [[творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора]]