~~META: title = Ніна Мацяш — Два браты і сякера &keywords = сякеру, хвалі, дзед, сякера, вадзе, падае, позірк, мяккі, золата, рукі, сівенькі, падплывае, вада &abstract = Чытаць казку щ апрацощцы Ніны Мацяш "Два браты і сякера" &iftrue = nan ~~ ====== Ніна Мацяш — Два браты і сякера ====== //Паводле беларускай народная казкі//\\ Мо даўно, а мо нядаўна –\\ Казкам-байкам што гады? –\\ У адной палескай вёсцы\\ Два жылі-былі браты.\\ \\ I адзін з іх быў багаты,\\ Ненажэрлівы такі,\\ Замыкаў свой скарб вялікі\\ На чатыры аж замкі.\\ \\ А ў другога толькі й скарбу\\ Усяго таго было,\\ Што старэнькая сякера\\ Пад залатанай палой.\\ \\ Ён бандарыў і цяслярыў,\\ Сек лазу на кашалі.\\ Бедны быў, ды пакланяўся\\ Толькі працы і зямлі.\\ \\ З мазаля і хлеб, і песня.\\ А зямля вучыла быць\\ I нясквапным, і цярплівым\\ У нягодах у любых.\\ \\ Тым і жыў.\\ Ды вось аднойчы,\\ Ходзячы каля ракі,\\ Незнарок сваю сякеру\\ Выпусціў бядак з рукі.\\ \\ Падхапіць хацеў – ды дзе там:\\ Прагна плюхнула вада...\\ Закрычаў ён у адчаі:\\ – Ах ты, горкая бяда!\\ \\ Як цяпер на свеце жыць мне\\ Без карміцелькі маёй?\\ Хоць ты кідайся самому\\ У вір гэты галавой...\\ \\ Сеў дзяцюк і аж заплакаў,\\ Бо гарчэй ад усяго\\ Знаць было, што не паможа\\ Ні на волас брат яго.\\ \\ Але што гэта?! Ні ветру – Хвалі ж, хвалі па вадзе...\\ Вынырае, падплывае\\ Да яго сівенькі дзед.\\ \\ Позірк мяккі і прыветны,\\ Голас дабрынёй гучыць:\\ – Што з табою, чалавеча,\\ Мо змагу чым памагчы?\\ \\ Расказаў сваё няшчасце,\\ А ў адказ дзядок:\\ – Чакай! –\\ Ціха, шчыра ён прамовіў\\ I нырнуў.\\ Праз міг:\\ – Трымай!\\ \\ I сякеру залатую,\\ Вынырнуўшы, падае.\\ Бляск такі ад той сякеры,\\ Што аж глянуць не дае.\\ \\ Але дзядзька:\\ – Не, такога\\ Зроду я не меў дабра...\\ \\ Дастае тады другую\\ Дзед сякеру – з серабра.\\ \\ Зіхаціць вада, збягае\\ Срэбнай хваляй з вастрыя.\\ Уздыхае бедалага:\\ – Не, і гэта не мая.\\ \\ Трэці раз на дно рачное\\ Апускаецца стары\\ I жалезную сякеру\\ Падае:\\ – Твая? Бяры.\\ А на памяць аб сустрэчы\\ Забірай і гэтых дзве.\\ I кладзе да ног мужычых\\ Тры сякеры на траве... * * * Шмат сплыло ці мала часу,\\ Толькі і багаты брат\\ Нейк дачуўся пра дарункі\\ З золата і серабра.\\ \\ А бядняк і не таіўся,\\ Што за дзіва з ім было.\\ Ад зайздрошчаў багацею\\ Аж дыханне заняло.\\ \\ Вось бяжыць і ён на бераг\\ Тое самае ракі\\ I сякеру выпускае –\\ Быццам незнарок – з рукі.\\ \\ Сам качаецца па доле,\\ Енчыць, бараду скубе:\\ – Ой, карміцелька-сякера.\\ Як пражыць мне без цябе?!\\ \\ А рака ўсё неспакойней,\\ Хвалі, хвалі па вадзе...\\ Вынырае, падплывае\\ Да яго сівенькі дзед.\\ \\ Позірк мяккі і прыветны,\\ Голас дабрынёй гучыць:\\ – Што з табою, чалавеча,\\ Мо змагу чым памагчы?\\ \\ А пачуўшы, што за гора,\\ Моўчкі ён нырца дае\\ I – жалезную сякеру\\ Багацею падае.\\ \\ Той аж замахаў рукамі: –\\ Што ты, гэта не мая!\\ Па такому недаломку\\ Не перажываў бы я!\\ \\ Хмурыць бровы дзед – і ў хвалі, – Хвалі б’юцца ўсё круцей, –\\ I з’яўляецца з сякерай\\ Срэбра чыстага ў руцэ.\\ \\ – Не мая, о не, і гэта\\ Не мая! – Багач у крык. –\\ У мяне была сякера,\\ З золата... Дастань, стары!\\ \\ I без слова трэцім разам\\ У бурлівай той вадзе\\ З залатой цяпер сякерай\\ Паказаўся сівы дзед.\\ \\ – Вось цяпер мая! Ну што ты.\\ Не марудзь – давай хутчэй!\\ Скочыў скнара сам за ёю\\ У ваду і – знік з вачэй. \\ I рака адразу стала\\ Ціхаплыннай, як была...\\ \\ Сёння ж мне вось нашаптала,\\ Пра ўсё гэта расказала.\\ I легенд яшчэ нямала\\ Наша памяць зберагла.\\ \\ Крыніца: Ніна Мацяш. Два браты і сякера: паводле беларускай народнай казкі. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1975. – 16 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ніна-мацяш/творчасць-ніны-мацяш]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-бязладная-размова]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-незалежнасць]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-дажджынка]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-запозненаю-дзікаю-ажынай]]