~~META: title = Ніна Мацяш — Была такая буйная вясна... &keywords = жыла, вясна &abstract = Чытаць верш Ніны Мацяш "Была такая буйная вясна..." &iftrue = nan ~~ ====== Ніна Мацяш — Была такая буйная вясна... ====== Была такая буйная вясна!\\ А я жыла, жыла – не разумела,\\ Нашто мяне абдорвала яна\\ Цнатлівай чысцінёй чаромхі белай,\\ Яе агрузлых, хмельных кутасоў\\ Таемнай, ледзь улоўнаю гаркотай.\\ На ўзлесках цвіў лілова-сіні сон\\ I аддаваў мне ўсю сваю пяшчоту.\\ А салаўі, пад смех маладзіка,\\ Паілі сэрца слодыччу шчымлівай.\\ Прымала ўсе дары мая рука\\ Ў няведанні наіўным і шчаслівым.\\ \\ Цяпер дажджы дзяўбуць маё акно,\\ Шматае вецер з дрэў рудое лісце.\\ ...Дзень добры, любы! Ведаю даўно,\\ Нашто вясна дарункамі калісьці\\ Абсыпала мяне так шчодра...\\ \\ 1963\\ \\ Крыніца: Ніна Мацяш. Душою з небам гаварыць: Выбраная лірыка. – Мн.: Маст. літ., 1999. – 462 с. – (Беларуская паэзія XX стагоддзя). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-запозненаю-дзікаю-ажынай]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-бязладная-размова]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-незалежнасць]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-дажджынка]] * [[творы/ніна-мацяш/творчасць-ніны-мацяш]]