~~META: title = Ніна Мацяш — А ты жыві, каханы мой, жыві... &keywords = жыві, каханы, харашыні, свеце, светла, жыццё &abstract = Чытаць верш Ніны Мацяш "А ты жыві, каханы мой, жыві..." &iftrue = nan ~~ ====== Ніна Мацяш — А ты жыві, каханы мой, жыві... ====== А ты жыві, каханы мой, жыві.\\ Хай журавель нарэшце дасца ў рукі.\\ Я забяру ў магілу тыя мукі,\\ Што выпалі нам на кастры любві.\\ Ад золі сэрцайка сваё адхукай: Жыві, каханы мой, жыві! \\ На свеце гэтым шмат харашыні.\\ Хоць людзі ў свеце гэтым – тое голле,\\ Па-над якім вятрам бяды скуголіць\\ Усцяж, і ноч у ноч, і дзень пры дні.\\ Ці чалавек задуманы для болю? Як ён жадзён харашыні!.. \\ Не пасягнуць мне розумам маім\\ Тваіх намераў велічных, Прырода.\\ Жыццё дала – не папытала згоды.\\ Усе цацанкі-абяцанкі – дым.\\ Жыццё бярэш, – і мне зусім не шкода Аднойчы развітацца з ім. \\ Бо што мяне прызеляніла тут?\\ Якая ўжо мяне чакае радасць,\\ Як дружны род мой расхітала здрада,\\ Як дзецьмі не ацеплены мой кут,\\ Як песенны мой дар не мае ўлады I над драбнейшаю са смут?.. \\ А ты жыві, каханы мой, жыві.\\ Хай сэрцу будзе да каго хіліцца.\\ Хай жураўлём абернецца сініца.\\ Сваю шчаслівай долю назаві.\\ Хай светла збудзецца, што светла сніцца, – Жыві, каханы мой, жыві! \\ 1985\\ \\ Крыніца: Мацяш Н. Паміж усмешкай і слязой: вершы і паэмы 1962-1992. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 301 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-дажджынка]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-бязладная-размова]] * [[творы/ніна-мацяш/творчасць-ніны-мацяш]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-запозненаю-дзікаю-ажынай]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-незалежнасць]]