~~META: title = Ніл Гілевіч — У лета 1986-е &keywords = малыя &abstract = Чытаць верш Ніла Гілевіча "У лета 1986-е" &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — У лета 1986-е ====== І занатуе летапісец рупны,\\ І ў нейкай кнізе ў нейкі век наступны\\ Нашчадак прачытае дападны:\\ "Праз сорак з гакам год пасля вайны\\ З яе крывёй, пажарамі, разрухай,\\ З яе бяздомнай бежанскаю скрухай, –\\ У піянерскіх лагерах пад Мінскам,\\ Пад Гродняй, Віцебскам і Верхнядзвінскам,\\ На Балтыцы, і аж за Волгай дзесьці\\ Жылі з Палесся прыпяцкага дзеці –\\ І паўставаў у мове незнарок\\ Пявучы іх палескі гаварок.\\ У маляўнічых месцах адпачынак\\ Ім забяспечылі найлепшым чынам:\\ Паходы з песнямі, забавы, гульні...\\ Ды быў на ўсіх чагосьці знак агульны –\\ І ў па-дзіцячы шчырай весялосці\\ Як бы знутры іх стрымлівала штосьці.\\ Дарослыя ж, якія рэй вялі,\\ Да іх наўздзіў ласкавымі былі,\\ І за свавольствы моцна не журылі,\\ І аб усім бадзёра гаварылі,\\ І асабліва пафасна, бадай, –\\ Пра дом іх родны – іх палескі краі!, –\\ Бо цешылі сябе: маўляў, малыя\\ Не разумеюць трохі... Ну, а тыя\\ Былі малымі ядзернай эпохі –\\ І разумелі ўсё зусім не трохі..."\\ О, дзеці, дзеці! Дзе мне вочы дзець,\\ Каб вам у вашы вочы не глядзець?.. \\ 1987 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-аб-самым-смачным]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-боль-чарнобыля]] * [[творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-1986]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-санеты-чарнобыля]]