~~META: title = Ніл Гілевіч — У завіруху &keywords = ферма, хлопец, сцёпка, дзед, хата, янка, белы &abstract = Верш Ніла Гілевіча "У завіруху" &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — У завіруху ====== – Што за холад на двары! –\\ кажа Сцёпку дзед стары. –\\ Лепш зусім не піць, не есці,\\ толькі б з хаты, брат, не лезці!..\\ \\ Раптам – стук у сенцах клямка.\\ На парозе – сябар Янка.\\ Сам маленькі, нібы кнопка.\\ – Ты чаго? – спытаўся Сцёпка.\\ \\ – Сходзім, Сцёпачка, на ферму.\\ Паглядзім трусоў, праверым,\\ можа, з раніцы яны\\ і не кормлены ані?\\ \\ Раз умелі слова даць,\\ Дык жа трэба даглядаць…\\ \\ Хлопцы выскачылі з хаты –\\ вецер пылам снегавым\\ сыпануў у твары ім.\\ Навакол віхрыў заўзята,\\ слаўся, рваўся белы дым.\\ \\ То прамчыцца ўдаль са свістам,\\ то закружыцца і ўверх\\ шугане віхор імглісты,\\ то падхопіць з гурбы снег.\\ \\ – Вось і ферма! – крыкнуў Янка.\\ Хлопцам стала весялей.\\ Каля фермы бразгаў клямкай\\ сам загадчык Панцялей.\\ \\ Хлопцы дзеда прывіталі,\\ той здзівіўся хлапчукам:\\ – Гэткай сцюжаю дапялі,\\ значыць, моцна рупіць вам.\\ \\ Я і то прыйшоў ледзь з духам, –\\ у здзіўленні кажа дзед…\\ А ў полі завіруха\\ засцілала белы свет. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-галоўны-дворнік]] * [[ibdc.ped>бура]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-зімовы-сум]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-завіруха]] * [[творы/алесь-гарун/алесь-гарун-завіруха]]