~~META: title = Ніл Гілевіч — Сябры ў паходзе &keywords = скатку, янка, сачкі, палатку, тапор, рыдлеўкай, грышка, акцябронак, цягне, крышку, брат, грышку, бляшанкай, памажы &abstract = Чытаць верш Ніла Гілевіча "Сябры ў паходзе" &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — Сябры ў паходзе ====== Як выходзіла з двара\\ У дарогу дзетвара –\\ Брала яна рэчы,\\ Клала іх за плечы: Грышка ўзяў палатку,\\ Цішка – коўдраў скатку,\\ Стась – тапор з рыдлёўкай,\\ Харч і посуд – Лёўка,\\ А сачкі з бляшанкай –\\ Акцябронак Янка. \\ Толькі выйшлі за сяло,\\ Цішку муліць пачало.\\ Стаў прасіць ён Грышку:\\ – Памажы, брат, крышку! Цягне Грышка скатку,\\ Скатку і палатку,\\ Стась – тапор з рыдлёўкай,\\ Харч і посуд – Лёўка,\\ А сачкі з бляшанкай –\\ Акцябронак Янка. \\ I гадзіну не ішлі –\\ Стася колікі ўзялі.\\ Стаў прасіць ён Грышку:\\ – Памажы, брат, крышку! Цягне Грышка скатку,\\ Скатку і палатку,\\ I тапор з рыдлёўкай,\\ Харч і посуд – Лёўка,\\ А сачкі з бляшанкай –\\ Акцябронак Янка. \\ Як мінулі вёрстаў пяць,\\ Стала сонца прыпякаць.\\ Просіць Лёўка Грышку:\\ – Памажы, брат, крышку! Цягне Грышка скатку,\\ Скатку і палатку,\\ I тапор з рыдлёўкай,\\ I ўвесь клунак Лёўкаў,\\ А сачкі з бляшанкай –\\ Акцябронак Янка. \\ За гарой, дзе бор драмаў,\\ Раптам Янка закульгаў.\\ Стаў прасіць ён Грышку:\\ – Паднясі, брат, крышку! Цягне Грышка скатку,\\ Скатку і палатку,\\ I тапор з рыдлёўкай,\\ I ўвесь клунак Лёўкаў,\\ I сачкі, й бляшанку,\\ I… самога Янку! \\ 1962 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>самыя-блізкія-сябры]] * [[творы/ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча]] * [[постаці/ніл-гілевіч]] * [[творы/ніна-мацяш/ніна-мацяш-гора]] * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-дружбакі]]