Ніл Гілевіч — Паклон табе ад сэрца, мама...

– Паклон табе ад сэрца, мама, –
Пачаў няголасна Сцяпан. –
Ты без хлусні і без абмана
Трымала наш сямейны стан.

Даверам нас, дзяцей, расціла,
Бо знала ты, што й цэлы свет –
Адно дамовіўшыся шчыра –
Пазбыцца зможа страшных бед.

І не чытаўшы мудрых кніжак,
Спасцігла ісціну сама:
Няма Радзімы ў злыдняў хіжых
І Маці ў нелюдзяў – няма.

Мы – тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы – дзеці роднае сям'і,
І – дзеці Маці-Беларусі,
І – дзеці Матухны-Зямлі.

Трайны ён, круг, ды недзялімы:
Бо сёння – як ні паглядзім –
А лёс Дзяцей, і лёс Радзімы,
І лёс Планеты – лёс адзін.

І ўсе мы разам у адказе
За гэты вечны круг жыцця.
Хвала ж таму, хто ў трудным часе
Без мітусні і без ныцця

Сваё праходзіць… Так, як мама, –
Сцяпан праз паузу дадаў.
Абняў старую ўсхвалявана
І рукі ёй пацалаваў.

Падобныя старонкі