~~META: title = Ніл Гілевіч — Паклон табе ад сэрца, мама... &keywords = дзеці, мама, сцяпан, дзяцей, радзімы, вечны, круг &abstract = Урывак з рамана ў вершах «Родныя дзеці» (з раздзела «Пашанаванне») &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — Паклон табе ад сэрца, мама... ====== – Паклон табе ад сэрца, мама, –\\ Пачаў няголасна Сцяпан. –\\ Ты без хлусні і без абмана\\ Трымала наш сямейны стан.\\ \\ Даверам нас, дзяцей, расціла,\\ Бо знала ты, што й цэлы свет –\\ Адно дамовіўшыся шчыра –\\ Пазбыцца зможа страшных бед.\\ \\ І не чытаўшы мудрых кніжак,\\ Спасцігла ісціну сама:\\ Няма Радзімы ў злыдняў хіжых\\ І Маці ў нелюдзяў – няма.\\ \\ Мы – тройчы дзеці ў вечным крузе:\\ Мы – дзеці роднае сям'і,\\ І – дзеці Маці-Беларусі,\\ І – дзеці Матухны-Зямлі.\\ \\ Трайны ён, круг, ды недзялімы:\\ Бо сёння – як ні паглядзім –\\ А лёс Дзяцей, і лёс Радзімы,\\ І лёс Планеты – лёс адзін.\\ \\ І ўсе мы разам у адказе\\ За гэты вечны круг жыцця.\\ Хвала ж таму, хто ў трудным часе\\ Без мітусні і без ныцця\\ \\ Сваё праходзіць... Так, як мама, –\\ Сцяпан праз паузу дадаў.\\ Абняў старую ўсхвалявана\\ І рукі ёй пацалаваў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>ганарымся-бацькаўшчынай]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма]] * [[творы/янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-]] * [[творы/алесь-бачыла/алесь-бачыла-радзіма-мая-дарагая]] * [[ibdc.ped>скарбы-нашай-радзімы]]