~~META: title = Ніл Гілевіч — Любоў мая, гордасць і вера &keywords = адправіць, чвэрці, працэнтаў, плану, рэшту &abstract = Чытаць верш Ніла Гілевіча "Любоў мая, гордасць і вера" &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — Любоў мая, гордасць і вера ====== Згодна плану, прадугледжваецца высяленне 75 працэнтаў беларускага насельніцтва з займаемай ім тэрыторыі. Значыць, 25 працэнтаў беларусаў па плану галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі падлягае анямечванню...\\ //З апублікаваных дакументаў аб гітлераўскім плане «Ост»// \\ Дык вось што з табою хацелі зрабіць,\\ Любоў мая, гордасць і вера!..\\ Аб гэтым патомкаў прашу не забыць\\ На сто пакаленняў уперад.\\ \\ Які нечуваны чакаў прыгавор!\\ Прымусіўшы гвалту скарыцца,\\ Тры чвэрці адправіць на голад і мор,\\ А рэшту – хрысціць у арыйцаў.\\ \\ Тры чвэрці адправіць за тысячы вёрст\\ Ад гоняў, дзе й вецер быў родны,\\ Каб нават памерці да дзедаўскіх гнёзд\\ Вярнуцца не мог аніводны.\\ \\ А рэшту пакінуць, каб неслі крыжы,\\ Каб самі магілу капалі\\ Для скарбаў тваёй неўміручай душы,\\ Для сонечных песень Купалы;\\ \\ Каб сёння, праз дваццаць гадоў усяго,\\ Нявольнік і раб на Радзіме,\\ Не мог я маленькага сына свайго\\ Па продку назваць нашым імем.\\ \\ Паганаю, чорнай варожай крывёй\\ Быў план перакрэслен вар’яцкі!\\ У сховах зямлі шматпакутнай тваёй\\ Іх дух датлявае ваяцкі.\\ \\ Гніюць-дагніваюць таго касцякі,\\ Хто прагнуў знайсці тут прастору.\\ Табе ж уздымаць пераможна сцягі –\\ Чым далей, тым вышай угору.\\ \\ 1960 г.\\ \\ Крыніца: Гілевіч Н. Лісце трыпутніку. Выбраныя творы. Мінск: «Беларусь», 1968, – 256 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/ніл-гілевіч]] * [[творы/ніл-гілевіч/грамадзянская-і-медытатыўная-лірыка-ніла]] * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-родныя-дзеці-гдз]] * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-лодачкі]] * [[творы/ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча]]