~~META: title = Ніл Гілевіч — Край мой беларускі &keywords = край &abstract = Аналіз верша Ніла Гілевіча "Край мой беларускі" &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — Край мой беларускі ====== Край мой беларускі, край! Дай мне прыгарнуцца, дай! Да твайго ляснога\\ Вераснога долу,\\ Дзе так шчасця многа\\ Выпала на долю, – Дай жа прыгарнуцца, дай!\\ \\ Край мой беларускі, край! Дай ты мне напіцца, дай! Той вады гаючай\\ З той крыніцы вечнай,\\ Дзе ад ран балючых\\ Ты арлоў вылечваў, – Дай жа мне напіцца, дай!\\ \\ Край мой беларускі, край! Дай ты мне паслухаць, дай! Як на лад пявучы\\ Старажытнай мовы\\ Тут гамоняць пушчы,\\ Там шумяць дубровы, – Дай жа мне паслухаць, дай!\\ \\ Край мой беларускі, край! Дай ты мне прайсціся, дай! Па тваіх прасторах,\\ Па шляхах бясконцых,\\ Уначы – пры зорах,\\ Раніцой – пры сонцы, – Дай жа мне прайсціся, дай!\\ \\ Край мой беларускі, край! Дай мне наглядзецца, дай! На твае на пожні,\\ На лугі ды рэчкі,\\ Каб у час апошні\\ Ўзяць з сабой навекі, – Дай жа наглядзецца, дай! \\ \\ **Аналіз верша:**\\ Верш [[постаці/ніл-гілевіч|Ніла Гілевіча]] «Край мой беларускі» выклікае пачуццё гонару за сваю Радзіму, свой народ, патрыятычныя пачуцці. Родная мова, матчына зямля... Гэтак ласкава, з пашанай называе наш народ сваю спадчыну. Узнёслыя і шчырыя словы, прысвечаныя роднай мове, Радзіме, сказалі вядомыя дзеячы нашай нацыянальнай культуры: Францыск Скарына, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас і інш. Гэтая традыцыя ўслаўлення роднай мовы, культуры, і нацыянальнай спадчыны, паказу іх ролі і значэння ў жыцці беларуса набыла далейшае развіццё. Безліч твораў сучасных беларускіх пісьменнікаў-празаікаў і паэтаў прысвечана Радзіме, мове. Колькі ўзнёслых і прачулых радкоў, напоўненых патрыятычнымі пачуццямі і думамі пра свой край, мову, склалі яны!\\ Вобразнае мастацкае слова пісьменнікаў, прасякнутае любоўю і патрыятызмам, дае нам магчымасць далучыцца да вытокаў нашай культуры, абуджае жаданне глыбей зазірнуць у таямніцы народнай спадчыны.\\ Патрыятызм (ад грэч. patre – радзіма) – грамадскі і маральны прынцып, які характарызуе адносіны людзей да сваёй краіны і праяўляецца ў пэўным вобразе дзеянняў і складаным комплексе грамадскіх пачуццяў. Патрыятызмам звычайна завецца любоў да Радзімы.\\ Верш лепш чытаць уголас, паэт звяртаецца да роднага краю, у вершы пераважаюць клічныя інтанацыі, пабуджальныя сказы. Простыя, але вельмі шчырыя радкі верша Ніла Гілевіча кранаюць сэрца кожнага чытача. У іх столькі дасканаласці і майстэрства. Эмацыянальна ўзрушаныя радкі з’яўляюцца вынікам натхнення і напружаным творчым роздумам над сэнсам чалавечага быцця, яго духоўным прызначэннем. Верш нясе ў сабе адзнакі асабістага, аўтабіяграфічнага самавыяўлення пісьменніка. Лірычны герой верша (сам пісьменнік) узрушаны прыгажосцю і непаўторнасцю краявідаў, родных з дзяцінства. Верш напісаны ў форме звароту да роднага краю. Па сваіх інтанацыях ён вельмі нагадвае народную малітву або замову. Лірычны герой з пяшчотай і хваляваннем просіць дазволу прыгарнуцца да «..ляснога вераснога долу, дзе так шчасця многа выпала на долю...»\\ Паэт з любоўю называе ваду «гаючай», крыніцу «вечнай» ([[слоўнік/эпітэт|эпітэты]]). Гэта набліжае верш Ніла Гілевіча да фальклорных твораў, у якіх вада таксама ўшаноўвалася, лічылася гаючай, нават святой. Гоман пушчы і дубровы ўвабраў у сабе «лад пявучы старажытнай мовы», які паэт просіць «дай жа мне паслухаць, дай!»\\ Верш Ніла Гілевіча – адзін з лепшых узораў беларускай лірыкі. У гэтым творы спалучаюцца лірычны пейзажны жывапіс і філасофскі роздум над сэнсам жыцця і прызначэння чалавека. Паэт сваім вершам звяртаецца да кожнага беларуса, засяроджвае ўвагу на прыгажосці роднай зямлі.\\ Асаблівая песеннасць, мілагучнасць у вершы дасягаецца паўторам двухрадковага запеву кожнай страфы. Апошні радок, [[слоўнік/рэфрэн|рэфрэн]], падкрэслівае асноўную думку твора – трэба любіць і шанаваць свой родны край, яго прыроду.\\ Верш напісаны харэем. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>святло-радзімы]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-я-спяваю-ты-спявай]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-будучыня]] * [[ibdc.ped>мой-край]] * [[ibdc.ped>свой-край]]