Ніл Гілевіч — Калі ранец лёгкі і калі цяжкі

Школьны ранец
Можа быць
I цяжкі і лёгкі.
А чаму і як, сябры, –
Запытайце ў Лёўкі.

Ён са школы ўчора бег
Праз усю дарогу –
Толькі ранца
На сабе
Не адчуў ні троху.

Хоць было
У ранцы тым
Кніг бітком набіта,
А здаваўся ён пустым,
Без вагі нібыта.

Ветру хуткага хутчэй
Лёўка ўбег у хату
I адразу ад дзвярэй
Гучна крыкнуў тату:

– Паглядзі,
Што я прынёс:
«Дзесяць»
Ў кожным сшытку!..
I глядзеў угору нос –
Ад пачуццяў збытку.

А сягоння –
Проста жах
Лёўка наш са школы
Крочыў ледзьве не ў слязах –
Гэткі невясёлы.

Ранец новенькі такім
Непрыгожым здаўся,
А цяжэрны –
Хоць ты кінь! –
Лёўка аж згінаўся.
I глядзеў не ўгору нос,
А ў зямлю, дадолу…

Што ж такое Лёўка нёс?
Што валок дадому?

Падобныя старонкі