Гэта старая версія дакумента!
Ніл Гілевіч — Калі рана ўстанеш...
Калі рана ўстанеш –
Разам а сонцам зыркім,
Што ўсплыве над зыбкім
Вогнішчам зары, –
Колькі ты пабачыш
З’яў жыцця дзівосных,
Колькі цудаў розных
Згледзіш на двары!
Калі рана ўстанеш –
Разам з ветрам буйным,
Што абудзіць струны
Неба, дрэў, травы, –
Колькі ты пачуеш
Гукаў-зыкаў дзіўных,
Звонаў пераліўных,
Спеваў харавых!
Калі рана ўстанеш –
Разам з першай птушкай,
Што шукае тут жа
Для дзяцей яды, –
Колькі ты паспееш
Памагчы слабейшым,
Падтрымаць, суцешыць,
Выручыць з бяды!
Калі рана ўстанеш –
Разам з мамай, татам
Ды за справу-працу
Возьмешся хутчэй, –
Колькі ты пазнаеш
Радасці нясцерпнай –
Аж да песні з сэрца,
Аж да слёз з вачэй!
Калі рана ўстанеш –
Разам з сонцам яркім,
Разам з ветрам шпаркім,
Разам з белым днём, –
Сам тады, мой дружа,
Разумець ты будзеш,
Для чаго мы, людзі,
На зямлі жывём.
Падобныя старонкі
- ніл-гілевіч/грамадзянская-і-медытатыўная-лірыка-ніла
- ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-лодачкі
- ніл-гілевіч
- ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-родныя-дзеці-гдз
- ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча