~~META: title = Ніл Гілевіч — Здарэнне ў арэхах &keywords = глядзіць, рыгорка, жмені, арэхі &abstract = Чытаць верш Ніла Гілевіча "Здарэнне ў арэхах" &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — Здарэнне ў арэхах ====== Вось і выспелі арэхі –\\ Дачакаліся пары:\\ Цэлы дзень у гушчары\\ Чутны крыкі дзетвары.\\ Нападуць на куст гурбою –\\ Гнуць сукі\\ Ва ўсе бакі.\\ Досыць дотыку рукі,\\ Каб пасыпаліся самі\\ З загарэлымі насамі\\ З белым донцам лушчакі.\\ У Рыгоркі ўжо не меней\\ Лушчакоў, як два пуды.\\ Нават жмені,\\ Нават жмені\\ Палажыць няма куды.\\ Самы раз дамоў вяртацца.\\ Толькі як з кустом расстацца?\\ Хоць арэхаў у мяшэчку\\ Аж па завязкі набіта,\\ Але тыя – на вяршэчку –\\ Найсмачнейшыя нібыта.\\ Для каго ж іх пакідаць?\\ Толькі як ім рады даць?\\ Кінуў торбу на траву\\ І, задраўшы галаву,\\ Пазірае ўверх хлапчук.\\ Раптам з елкі шышка – стук!\\ А за ёй другая –\\ Смольная, тугая –\\ Шлоп! –\\ Каб трошку, дык у лоб.\\ «Што за ліха можа быць?»\\ Стаў Рыгорка і глядзіць:\\ Лапка гнуткая на елцы\\ Скалыхнулася, здаецца.\\ Ён бліжэй ступае крок –\\ Бачыць: рыжанькі звярок\\ На суку ўгары сядзіць,\\ Утаропіўся, глядзіць.\\ Здагадаўся тут Рыгорка:\\ «Гэта ж шустрая вавёрка!\\ То ж яна не для пацехі\\ У мяне пусціла шышку,\\ А каб я не рваў арэхі –\\ Каб і ёй пакінуў крышку!»\\ Аж няёмка хлопцу стала,\\ Глянуў, вінаваты:\\ «У мяне ж і так нямала!\\ Дык – гайда дахаты!» ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча]] * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-родныя-дзеці-гдз]] * [[постаці/ніл-гілевіч]] * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-лодачкі]] * [[творы/ніл-гілевіч/грамадзянская-і-медытатыўная-лірыка-ніла]]