~~META: title = Ніл Гілевіч — Думы маці &keywords = рукі, ціха, свеце, клопат, маці &abstract = Чытаць верш Ніла Гілевіча "Думы маці" &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — Думы маці ====== Вечар сіньку развёў за акном.\\ Змрок згушчаецца ў хаце.\\ У самотнай цішы перад сном\\ Думы думае маці.\\ \\ Замарылася... Цяжка старой\\ Тупаць дзень каля дому.\\ Час вяртае без літасці ёй\\ Нават даўнюю стому.\\ \\ Загарнуўшы ў абрус на стале\\ Свежы бохан пачаты,\\ Склала рукі яна ў прыпале –\\ На пярэднік шурпаты.\\ \\ Рукі пахнуць травой-лебядой,\\ Сырадоем і ўкропам.\\ Гэтых пахаў ніякай вадой\\ Не адмыеш ні троху.\\ \\ Колькі год рукі зналі адно:\\ Жалі, цеста мясілі,\\ Бульбу чысцілі, ткалі радно,\\ Цыравалі ды шылі.\\ \\ Колькі раз яны ўдзень і ўначы\\ Немаўлят спавівалі!\\ Колькі раз – хіба хто палічыў? –\\ Гэты стол накрывалі!..\\ \\ Клопат, клопат нязводны штодня!\\ А прарочылі людзі:\\ "Пачакай, падрасце малышня –\\ Болей клопату будзе!"\\ \\ Гаварылі-такі нездарма:\\ Супакойней не стала.\\ Як глядзела тады іх сама –\\ Столькі скрухі не знала.\\ \\ Вестка ўчора ад сына прыйшла:\\ Нарадзілася ўнучка.\\ А ці добра ж усё? Каб магла –\\ Паляцела б, як птушка.\\ \\ Меншы з арміі піша ў лісце,\\ Што чакае дарога.\\ А куды – не сказаў. І расце,\\ Кроіць сэрца трывога.\\ \\ І дачка ўжо нявеста даўно,\\ Позна з танцаў прыходзіць.\\ Хоць дарослая, а ўсё адно\\ Накрычаць не пашкодзіць...\\ \\ Думы-думкі!..\\ У лад ім, чуваць,\\ Клён ля ганку шапоча.\\ Нібы ў памяць, у заўтра глядзяць\\ Маці стомленай вочы.\\ \\ Гора ў бездань нябыту сплыло.\\ Доляй цешацца дзеці.\\ Толькі б ціха на свеце было,\\ Толькі б ціха на свеце...\\ \\ 1961\\ \\ Крыніца: Ніл Гілевіч. Збор твораў у 23-х тамах. Т. 1. – Прадмова аўтара – Мн.: ГА БТ «Кніга», 2003. – 416 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>на-скрыжаванні]] * [[ibdc.ped>сустрэча-з-маці]] * [[ibdc.ped>да-маці]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]] * [[ibdc.ped>i-надыходзіць-дзень]]