~~META: title = Ніл Гілевіч — Бальшак &keywords = бальшак &abstract = Чытаць верш "Бальшак" Ніла Гілевіча &iftrue = nan ~~ ====== Ніл Гілевіч — Бальшак ====== Праз долы-нізоўі, дзе ўвечар туманы ўстаюць,\\ Праз водар мядункавы спелых лугоў у пракосах,\\ Праз рэкі і рэчкі, што петлі блакітныя ўюць,\\ Праз ранішні гоман стозыкі пасёлкаў і вёсак,\\ Праз пушчу, дзе сосны струменяць жывіцу-пяршак,\\ Праз ліўні густыя, што раптам заслоняць паўсвета, —\\ Спяшаецца ўдалеч стары беларускі бальшак.\\ Спяшаюцца людзі. Спяшаецца век-непаседа.\\ \\ Мільгаюць бярозы — астаткі даўнейшых прысад\\ Гіганцкімі скрыпкамі воддаль — слупы з правадамі...\\ Імчуся і думаю: колькі стагоддзяў назад\\ Тут прашчуры босыя сцежку сабе пракладалі:\\ І колькі стагоддзяў тут гора хадзіла пасля,\\ Мужычую помсту хавала пад цёмныя шаты?..\\ І колькі разоў тут пляліся чужынцы здаля,\\ Губляючы гонар і славу, штандары і шапкі?..\\ \\ Нібы ўпершыню, углядаюся зноў у прастор —\\ У мілыя, родныя вобразы любага краю.\\ Без гэтых бароў задуменных, без гэтых азёр,\\ Без гэтых палеткаў я шчасця на свеце не знаю.\\ Вядзі ж мяне ўдалеч — за ўсе гарызонты, бальшак!\\ Праз будні імчы і праз святы,\\ Праз дні і праз ночы —\\ Каб вецер Радзімы гудзеў несціхана ў вушах,\\ Каб дых захліпаўся, каб слёзы ўзбягалі на вочы!\\ \\ \\ 1964 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-родныя-дзеці-гдз]] * [[творы/ніл-гілевіч/грамадзянская-і-медытатыўная-лірыка-ніла]] * [[творы/ніл-гілевіч/матывы-і-вобразы-паэзіі-ніла-гілевіча]] * [[постаці/ніл-гілевіч]] * [[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-лодачкі]]