~~META: title = Грамадзянская і медытатыўная лірыка Ніла Гілевіча &keywords = Ніл, Гілевіч, лірыка &abstract = Аналіз грамадзянскай і медытатыўнай лірыкі Ніла Гілевіча &iftrue = nan ~~ ====== Грамадзянская і медытатыўная лірыка Ніла Гілевіча ====== Цэнтральнае месца ў творчасці [[постаці/ніл-гілевіч|Ніла Гілевіча]] займае [[слоўнік/грамадзянская-лірыка|грамадзянская лірыка]]. Верш "Родная мова" — адзін з першых твораў маладога паэта — быў напісаны ў 1947 годзе. Гэта своеасаблівы лірычны маналог, прызнанне ў шчырай любові да роднага слова. Ніл Гілевіч ужывае традыцыйныя для айчыннай літаратуры вобразы, згадвае знакавыя постаці [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]], Максіма Багдановіча: Я па літарах родных вучыўся чытаць,\\ І буквар для мяне быў жыцця палавінай.\\ Быў шчаслівы я роднаю мовай сказаць\\ Першы раз: "Беларусь, мая Маці-краіна!" \\ Так усклікае [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|лірычны герой]], прыводзячы радкі з багдановічаўскай "Пагоні", і дае пафасную клятву не дазволіць ворагу "з чужога далёкага краю Адабраць у мяне, знішчыць родную мову маю". Характэрна, што мова асацыіруецца ў яго са свабодай і незалежнасцю. Трыбунныя, заклікавыя інтанацыі, якія прагучалі ў гэтым творы, стануць пазней візітнай карткай паэзіі Ніла Гілевіча.\\ Верш "[[творы/ніл-гілевіч/ніл-гілевіч-зямля-бацькоў-лагойшчына-мая|Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...]]" таксама падкрэслівае стылёвую адметнасць яго паэтычнага таленту. Гэтаму твору характэрныя публіцыстычная ўзнёсласць і высокае грамадзянскае гучанне: Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,\\ Край неўміручай партызанскай славы!\\ На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я\\ Тваіх кастроў і боек дым гаркавы.\\ \\ Мяне б і зараз памяць прывяла\\ Да той зямлянкі на пясчанай выспе,\\ Дзе вера светлая са мной жыла,\\ Дзе не па ўзросту гнеў у сэрцы выспеў. \\ Лірычны герой смуткуе па сябрах, якіх грозны час не збярог для будучага жыцця. У вершы гучыць пафаснае непрыняцце ўсялякага зла, найперш таго, якое несла фашысцкая навала. Паводле фальклорнай беларускай традыцыі паэт адухаўляе прыроду. Але яна, як і свет людзей, падзелена на цёмныя і светлыя сілы. "Сцяжынкі топкія ў дзічы дрыгвістай", дзе карані дрэў "паўзуць вужамі ў мох", небяспечныя не толькі для ворагаў, яны нясуць пагібель усім. Топкай дрыгве, спрадвечнаму сімвалу смерці і небяспекі, супрацьстаіць апаэтызаваны фальклорам вобраз "сырой зямлі", да якой можна прыпасці "як да матулі роднай" і дзе кожны куст здольны схаваць ад злога вока таго, хто тут нарадзіўся.\\ Цалкам іншага плана верш "Прывітальнае", хоць і ў ім адчуваюцца характэрныя для Ніла Гілевіча пафасна-заклікавыя ноты: Спявайце юныя паэты!\\ Спяліце ў бурах пачуцця\\ Неўтаймаваны боль планеты,\\ Непераможны крык жыцця! \\ Бадзёра-аптымістычны тон верша, яго змест і адрасная скіраванасць да маладых творцаў вытрыманы ў рэчышчы сусветнай літаратурнай традыцыі. (Можна прыгадаць славутую "Оду да маладосці" [[творы/адам-міцкевіч/творчасць-адама-міцкевіча|Адама Міцкевіча]] з заклікам вывесці зямлю на новую арбіту; "Арлянятам" Янкі Купалы, што ўзвеюць сваім крыллем "над мінуўшчынай хаўтурнай" і інш.). Пераклічка з купалаўскай творчасцю асабліва адчувальная і ў тэматычным плане. Заклікаючы юных паэтаў спяваць "на мове любай ім зямлі" (гэта значыць па-беларуску), бо толькі ў такім выпадку "не быць Радзіме безыменнай" (не страціць сваю нацыянальную тоеснасць), Ніл Гілевіч апелюе да чытацкай памяці і дасведчанасці, узнаўляючы вобразнасць і пафас купалаўскіх публіцыстычных твораў 20-х гадоў мінулага стагоддзя.\\ Зварот да класічных традыцый у паэзіі Ніла Гілевіча заўважны не толькі ў тэматычным плане, выкарыстоўвае паэт і творчыя набыткі папярэднікаў у галіне формы. Так, ён, можна сказаць, рэанімуе ў сучаснай паэзіі [[слоўнік/актава|актаву]] — васьмірадковую форму верша, выдаўшы аднайменны зборнік. Разам з тым Ніл Гілевіч — нястомны наватар і эксперыментатар у галіне формы. У яго творах апошніх гадоў плённа суіснуюць народны гумар і песенныя інтанацыі беларускага фальклору, адкрытая публіцыстычнасць і [[слоўнік/медытацыя|медытатыўная]] роздумнасць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб]] * [[слоўнік/лірыка]] * [[творы/адам-гурыновіч/адам-гурыновіч-лірыка]] * [[слоўнік/інтымная-лірыка]] * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]]