~~META: title = Міхась Чарот — Прыпяць &keywords = Прыпяць &abstract = Чытаць верш "Прыпяць" Міхася Чарота &iftrue = nan ~~ ====== Міхась Чарот — Прыпяць ====== Там, дзе сонца агнёвымі крыллямі\\ Хоча слёзы балота выпіць,\\ Шэпча хвалямі ціха гуллівымі\\ Чараўніца —\\ Прыгожая Прыпяць.\\ \\ Зачарованы...\\ Чую, штось мудрае —\\ Мне гамоняць ўсплёскі ракі...\\ Я плыву...\\ Неба сінь... Зелень кудрая...\\ Берагі з вербалоз ды ракіт.\\ \\ Як прыгожа!..\\ Ды толькі па лесе\\ Стогнуць цяжка сталеткі-дубы...\\ Ой, радзімае наша Палессе,\\ Хараство тваё хто загубіў?..\\ \\ Чую сказ:\\ Дрэвам жаляцца хвалі,\\ Што з няволі бягуць —\\ З пазамежаў...\\ Ой, не раз дрэвы з ветрам паслалі\\ Свой паклон\\ У гушчар Белавежы...\\ \\ Ну, а хвалям\\ Назад не пабегчы,\\ Каб сказаць,\\ Што жывецца тут люба...\\ Заўтра іх у вішнёвы вечар\\ На ўкраіне Дняпро прыгалубіць.\\ \\ Ой, Дняпро!\\ Хлапец сінябровы!\\ Буду я аб тым, што і ты, пець...\\ Бо кахаеш ты нашы дубровы\\ I яе —\\ Сіня-русую Прыпяць.\\ \\ Ой, як моцна абнімуцца й шчыра\\ У краіне прыгожай, блакітнай...\\ Шлях, што далей —\\ Шырай і шырай\\ У стэповых прасторах раскінуты.\\ \\ Ой, Дняпро!\\ Прыгалубі, мілы,\\ Сіня-русую дзеўчыну Прыпяць,\\ Хутчэй сонца\\ Агнёвымі крыллямі\\ Зможа слёзы балота выпіць.\\ \\ Я плыву...\\ I плывуць летуценні...\\ Іх ніхто не пасмее стрымаць...\\ Рэчкі твар\\ Цалавалі цені,\\ Як дзіцятка цалуе маці.\\ \\ А дубы\\ Шапацелі нясмела,\\ Нібы слухалі мудрае веча...\\ Па-над рэчкай\\ Туманам белым\\ Спаць лажыўся\\ Ружовы вечар.\\ \\ Толькі хвалямі,\\ Хвіля за хвіляй,\\ Калыхала пяшчотна Прыпяць...\\ Там —\\ Дзе сонца агнёвымі крыллямі\\ Хоча слёзы балота выпіць. \\ \\ 1926 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-звон]] * [[постаці/міхась-чарот]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-босыя-на-вогнішчы]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-песня-беларуса]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-вясенняя-раніца]]