~~META: title = Міхась Чарот — На новай зямлі &keywords = жыццё, хлопец, сіла, зямля, горад, радасць, дзён &abstract = Верш Міхася Чарота "На новай зямлі" &iftrue = nan ~~ ====== Міхась Чарот — На новай зямлі ====== //Я зноў, дзе поле каласамі\\ Свайму паэту шле паклон...// \\ **1** Здарова, хлопцы! Як жывецца?\\ Не спазнаю сваёй радзімы...\\ Дзе ж лес шумлівы з лёгкім веццем,\\ Куды ў грыбы калісь хадзілі?\\ \\ А вёска дзе, што там за грэбляй\\ Была ахілена ракітай,\\ Што ворага калісь не стрэльбай –\\ Пужала саматканай світай?\\ \\ А поле, поле. Шыр бясконца.\\ Куды ж дзяваліся ўсе межы?\\ Ўсё нова тут, пад новым сонцам,\\ Ўсё для мяне тут нова, свежа...\\ \\ Балоты, бачу, асушылі,\\ Што сінім слаліся туманам...\\ Якая раць, якая сіла,\\ З якім прайшла тут атаманам?\\ \\ I трактар, чую я, стракоча\\ Вось там, за ўзгоркам у даліне...\\ Няўжо ж сказаць хто не захоча:\\ «Люблю цябе, мая краіна».\\ **2** Здароў, паэт! Здароў, зямляк наш!\\ Цябе вітаць заўсёды рады...\\ Не спазнаеш сваіх зямлянак...\\ Скуль к нам? З Масквы ці Ленінграда?..\\ \\ Ах, толькі з Мінска. Знаем, знаем.\\ Што там чуваць? Ці жыць цікава?\\ Мы чулі – Мінск звініць трамваем...\\ Для нас таксама гэта – слава.\\ \\ Будынкі новыя, заводы –\\ То ж сіла горада і наша...\\ Вось толькі б не парушыць згоды, –\\ Кітай вайною штосьці страшыць...\\ \\ Ды толькі мы не палахлівы,\\ Хто нам не слаў сваёй пагрозы...\\ А мы – будуем калектывы, –\\ Такі у нас мужычы розум.\\ \\ Мы ведаем, што вораг хоча\\ Прынесці зноў нам шмат урону...\\ Калі жыццё наперад крочыць –\\ Не трэба лепшай абароны.\\ **3** Зямля, зямля. О, колькі моцы\\ Захоўвалі твае глыбіны...\\ О землякі мае вы, хлопцы,\\ Узняць вы гэту моц павінны.\\ \\ А горад? – горад вам паможа,\\ Рабочых рук і там мільёны...\\ Жыццё мы разам упрыгожым,\\ Хоць цяжка нам усім сягоння.\\ \\ О, радасць дзён! Сустрэчы радасць,\\ Ўсё апісаць хто словы знойдзе...\\ Такая ж для мяне прынаднасць\\ На кожнай фабрыцы й заводзе.\\ \\ Цяпер жывём мы іншым светам,\\ Цяпер інакш спяваць хачу я...\\ Той можа зваць сябе паэтам,\\ Хто нашых дзён жыццё адчуе.\\ \\ Я рад, што думкі ўдаль занеслі,\\ Не чую плачу хат пад клёнам.\\ Цяпер спяваць я буду песні –\\ Магутным трактарным калонам.\\ \\ 1929\\ \\ \\ Крыніца: Чарот М. Выбранае: [Для сярэд. і ст. школ. Узросту / Прадм. і ўклад. У. Гніламёдава]. – Мн.: Юнацтва, 1982. – 222 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-песня-беларуса]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-босыя-на-вогнішчы]] * [[постаці/міхась-чарот]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-звон]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-вясенняя-раніца]]