~~META: title = Міхась Чарот — Звон &keywords = звон &abstract = Чытаць верш "Звон" Міхася чарота &iftrue = nan ~~ ====== Міхась Чарот — Звон ====== Зазвані моцна, звон, загудзі,\\ Каб пачулі цябе на ўвесь край,\\ Беларуса хутчэй разбудзі,\\ Хоць цяпер яму спаць ты не дай!\\ \\ Прыйшоў час, калі сорамна спаць;\\ Усе так шчыра за працу ўзялісь,\\ Ўсе жыццё пачалі будаваць,\\ А ты спіш... Хоць ад звону праснісь!\\ \\ Паглядзі, як сусед пачаў жыць,\\ Што нядаўна нявольнікам быў.\\ Ён не спаў, — і цяпер ён не спіць,\\ Усім кажа, што ён яшчэ жыў.\\ \\ А чаго, беларус, ты маўчыш?!\\ I табе годзе, братку, драмаць:\\ Калі можна гукаць — ты маўчыш,\\ Каб пасля не прыйшлось шкадаваць...\\ \\ Кінь саромецца мовы сваёй,\\ Зваць сябе беларусам пачні,\\ Папрацуй над сялібай сваёй,\\ А пасля з ціхатой адпачні!..\\ \\ Дык звані моцна, звон, і гудзі,\\ Сваім гукам глушы увесь край!\\ Хто шчэ спіць — ты таго разбудзі,\\ Хто не спіць — тых да працы збірай!\\ \\ 1918 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-босыя-на-вогнішчы]] * [[постаці/міхась-чарот]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-песня-беларуса]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-моладзь]] * [[творы/міхась-чарот/міхась-чарот-вясенняя-раніца]]