~~META: title = Міхась Стральцоў — Дзяцінства, якое мы помнім &keywords = дзяцінства, вайны &abstract = Чытаць эсэ Міхася Стральцова "Дзяцінства, якое мы помнім" &iftrue = True ~~ ====== Міхась Стральцоў — Дзяцінства, якое мы помнім ====== Мае аднагодкі належаць да пакалення, чыё дзяцінства пазначана ваеннай і пасляваеннай парой. Незабыўная і па-свойму шчаслівая пара, нягледзячы на тое, што яна помніць жахі вайны, ведае смерць блізкіх, ведае, што такое голад і нястачы, ведае сіроцтва, але яно і шчаслівае веданнем высокай цаны самога жыцця, шчодрасці чалавечага сэрца, веданнем таго, што побыт, самы просты і бедны, не ганьбіць чалавека, а, як ні дзіўна, часта ўзвышае яго, адкрывае ў ім «душы залатыя россыпы» – мужнасць, самаахвярнасць, прыгажосць учынку, спагадлівасць, дабрыню, адчуванне знітаванасці і еднасці з другімі людзьмі.\\ Што мы помнім? Смак «ташноцікаў» з гнілой, перамерзлай бульбы, праснак з той жа бульбы і ячменных шароек, посную зацірку. Але мы помнім, і як прыходзілі ў хату партызаны, пакідаючы такую дарагую на той час газету ці лістоўку. Па іх мы вучыліся чытаць.\\ На тых газетах ды лістоўках выводзілі мы потым свае першыя літары – чарнілам з конскага шчаўя, са шкарлупак лясных арэхаў, з ліста ягады талакнянкі. У кожным партызане нам хацелася бачыць свайго бацьку, як пасля і ў кожным воіне-вызваліцелі, што частаваў нас абедам з салдацкага кацялка, – нічога смачнейшага за ўсё сваё пасляваеннае жыццё ніхто з нас, дальбог, не еў!\\ Не скора, не адразу абазваўся ў нашай творчасці той ваенны і пасляваенны вопыт. Усведамленне важнасці яго расло разам з намі, з чалавечым і грамадзянскім пасталеннем. Так было з усімі пісьменнікамі майго пакалення. Ужо дарослымі мы па-сапраўднаму адчулі сябе дзецьмі вайны. I тады напісалася апавяданне «[[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-на-чацвёртым-годзе-вайн|На чацвёртым годзе вайны]]», аповесць «[[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-адзін-лапаць-адзін-чунь|Адзін лапаць, адзін чунь]]». Там – уражанні ваеннага дзяцінства, першапачатковы, можа, самы галоўны жыццёвы вопыт. Эмацыянальны вопыт майго пакалення і пакалення, якое не ведала вайны, паяднаўся. Паяднаўся на разуменні той цаны, якую заплацілі мы за мір, засталася Памяць – у майго пакалення біяграфічная, у новага – гістарычная. Памяць з вялікай літары.\\ \\ 1984 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-на-чацвёртым-годзе-вайн]] * [[творы/міхась-стральцоў/творчасць-міхася-стральцова]] * [[постаці/міхась-стральцоў]] * [[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-сена-на-асфальце]] * [[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-адзін-лапаць-адзін-чунь]]