~~META: title = Міхась Стральцоў — Адзін лапаць, адзін чунь &keywords = Іванка, Трахім, чунь &abstract = Кароткі змест аповесці Міхася Стральцова "Адзін лапаць, адзін чунь" &iftrue = nan ~~ ====== Міхась Стральцоў — Адзін лапаць, адзін чунь ====== Аповесць [[постаці/міхась-стральцоў|Міхася Стральцова]] "Адзін лапаць, адзін чунь"шмат у чым аўтабіяграфічная.\\ Толькі закончылася вайна, памяць пра яе яшчэ жывая, гарачая не толькі ў людзей дарослых, але і ў дзяцей, якія гэту вайну бачылі, як і хлопчык Іванка — герой аповесці. Вачыма Іванкі мы бачым гэты пасляваенны час, калі і холадна, і голадна, ні апрануць, ні абуць няма чаго.\\ Сям'я хлопчыка — маці, дзед і бабуля — жыве цяжка: дзядуля і бабуля ўжо старыя, нямоглыя, але ж працуюць, таму што адна Іванкава маці не зможа пракарміць сям'ю. Бацька загінуў на вайне, як і многія мужчыны іх вёскі. Вось і прыходзіцца старому з малым думаць, як "вывесці на вясну карміцельку-кароўку". Добра, што салома ёсць, а ў калгасе ўжо кароўнік раскрылі, салому скармілі ўсю. Так, у невялікім дыялогу Іванкі з дзедам адкрываецца чытачу карціна пасляваеннага жыцця беларускай вёскі.\\ Падзей у творы будзе няшмат. У цэнтры іх — Іванка з яго бясконцым чаканнем шчаслівага моманту, калі дзед Трахім спляце яму новы чунь і хлопчык атрымае магчымасць выйсці на вуліцу. Але гэта чаканне будзе раз-пораз перарывацца эпізодамі, якія раскрываюць больш шырокую карціну жыцця: то ўспамінамі дзеда пра вайну, пра тое, як пабралі немцы ўсіх мужчын з вёскі; то разважаннямі маці пра тое, што цяпер лепш за ўсіх жывецца тым, хто ў вайну здолеў "адседзецца", а цяпер "у брыгадзіры точыцца ці ў леспрамгас". Слухаючы гэтыя размовы, перажываючы з сям'ёй нястачы, рана сталее хлопчык, расказ пра якога аўтар закончыць словамі: "Пад ложкам, абкручаныя аборамі, ляжаць новыя чуні. Прачнецца заўтра Іванка, і першая ягоная думка будзе пра іх... Добра будзе Іванку. Добра будзе яму". Па сутнасці, апісаны адзін дзень Іванкі, дзень, які мае, праўда, выйсце ў часе і дзеі — верш-эпілог і верш-пралог і ліст ужо дарослага Іванкі, што спазнаў і колішнюю дзедаву дабрату і зразумеў калючае гора сваёй адзінокай маці і дараваў ёй і несправядлівасць яе і злосць.\\ Дык сапраўды — адзін толькі дзень. Смужлівы зімовы дзень, які перажывае нядоўгае сваё жыццё з раніцы да вечара і ў якога ёсць свой настрой, свае набыткі, з якім і ў якім жыве Іванка, адчуваючы сябе ў гэтым дні і з ім, з яго смугой і снежнымі ўзвеямі, з усім непаўторным і паўтараючымся, што ёсць у гэтым дні: і "прыхаваны смутак, няўлоўны нейкі і зразумелы, як настрой то сцішанага..., то шумліва-порсткага... ветру", і "лапатлівы" клопат вераб'ёў, і "набрынялы пякучы холад", і "снежны пыл", і "шчыльная роўнядзь хмар". Дзень, што адсмуткаваў лёгкай завеяй і высвятлеў на добрую ноч, калі "роўна і светла ахінала наваколле цішыня", а "пад блакітнай смугой празрысцелі гурбы".\\ У гэтыя дні — дзіцячы і недзіцячы клопат Іванкі: дрэнна адрамантаваў рагатку — надтачыў меднай драцінкай, а яна і пераела гуму, затое амаль удача — зрабіў сабе абутак са старых бацькавых чаравікаў: "абгарнуў нанач мокрай анучай..., дзе драцінкай падшыў, дзе вяровачкай падвязаў...", будзе ў чым на вуліцу выйсці.\\ У гэтым дні — і розныя ўражанні сну-трызнення Іванкі, у якім ён сустракаецца са сваім alter ego, дарослым Іванкам, што збіраецца помсціць Цяўніку, а Іванку няўцямна і падсвядома адкрываецца ісціна дабраты і разумення — Цяўлік злосны таму, што яму не шанцуе: пакалечыла шчаку капсулем ад гранаты і ў пяты клас не перайшоў.\\ У гэтым дні — і ўсе прысутныя персаналіі. Іх непадрабязныя слоўныя партрэты. Дзеда Трахіма, што ўсё скардзіцца на свае нястачы, спачувае чужым, але, як заўважыць гэтую неадпаведнасць малы Іванка, голасам "увесь час аднолькава порсткім, жвавым" — "як бы любуецца на свой голас". Ляксея Гурмака, таго самага, пра якога дзед Міхалка думае: "Бог не даў розуму, але даў добрую душу".\\ У гэтым дні — і выхапленыя з вясковага жыцця здарэнні — то дзед Трахім расказвае, то лямантуе Іванкава маці.\\ У гэтым дні — і апошні чалавечы клопат дзеда Міхала — самае галоўнае, мабыць, у настраёвай структуры аповесці — каб не быў яго ўнук "сіратою між людзей". Каб выпрабаванні выпалі яму "па сіле". Каб "не... надламалася яго душа пад цяжарам дабра", але каб і не стала зласлівай. Каб знайшоўся чалавек, што дапамог бы памякчэць дачцэ, у якой стала нядобрым сэрца — "шмат у вайну перажыла". І каб пажыла яшчэ на свеце яго старая.\\ Адзін толькі дзень. І цэлы свет. Настрояў, пачуццяў, дабрыні. Дзень, у якім ні адзін рух душы людской, ні адна змена ў прыродзе не засталіся па-за ўвагай.\\ Калі ў поле зроку трапляе якая рэч, якая дробязь, дык яна асвятляецца агульным паэтычным настроем, узбуйняецца сваім дачыненнем да трапяткога свету пазначанай аўтарскім светаразуменнем рэальнасці. І тады мы зведаем, як Іванка, "стоячы над пограбам, бачыў сябе жаўтлява-светлай саломінкай, вытыркнутай са страхі,— яна трымцела, грала, смуткавала і гарэзіла разам з ветрам; вецер шкуматаў яе, але ўсё адно любіў, і яна любіла яго, і баялася, і не баялася ягонай моцы". ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-дзяцінства-якое-мы-помн]] * [[творы/міхась-стральцоў/творчасць-міхася-стральцова]] * [[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-на-чацвёртым-годзе-вайн]] * [[творы/міхась-стральцоў/міхась-стральцоў-сена-на-асфальце]] * [[постаці/міхась-стральцоў]]