~~META: title = Міхась Лынькоў — Позняя восень &keywords = лес, верхавіны, зямлі &abstract = Урывак з апавядання "Недапетыя песні" Міхася Лынькова "Позняя восень" &iftrue = nan ~~ ====== Міхась Лынькоў — Позняя восень ====== //(Урывак з апавядання «Недапетыя песні»)// \\ Хутка імчалі над лесам ускудлачаныя хмаркі.\\ Дзесьці высока-высока, за самымі хмарамі, курлыкалі журавы. I кожнаму хацелася ўбачыць іх, і ўсе ўглядваліся ў глыбокую цемрадзь неба, сілячыся разгадаць, распазнаць у цьмяным мігценні зораў, у разрывах хмар сілуэты прываблівых і загадкавых птушак. Але яны былі ўжо далёка. Ледзь-ледзь далятала жураўліная песня і, праглынутая ноччу, вятрамі, непрыкметна злівалася з шолахамі лісту, з шархаценнем травы, з няўмоўчным гоманам бору. I толькі на сэрцы доўга аддавалася яна невыразным болем, горыччу нявыказанай патраты...\\ Узышоў над лесам месяц. Выразна выступілі зубчастыя верхавіны елак, у срэбраным ззянні ўсталі задумлівыя хвоі, глыбокія цені ахуталі лясную паляну. Людзі прыніклі да зямлі, не варушыліся, прагна прыслухоўваліся да гукаў восеньскай ночы: дзесьці хрупаснуў сучок, мякка ўпала паблізу хваёвая шышка, за лесам гучна заржала жарабя, – і зноў усё ціха і глуха. Толькі верхавіны соснаў гудзелі ледзь чутна, ды шалясцелі няўмоўчныя трапяткія асіны, перашэптваючыся аб нечым сваім з пакрыўджанымі непагаддзю бярозамі. Пахла перакіслымі брусніцамі, прэлай саломай, прыхвачаным першым замаразкам грыбам. Ды яшчэ даляталі ледзь улоўныя пахі каменнавугальнага гару і сатлелай шпалы, якая доўга праляжала ў зямлі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-салют]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-васількі]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-міколка-паравоз]] * [[творы/міхась-лынькоў/маньчжур-аналіз-апавядання]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-над-бугам]]