~~META: title = Міхась Лынькоў — Гой. Аналіз апавядання &keywords = Лынькоў, гой &abstract = Аналіз апавядання "Гой" Міхася Лынькова &iftrue = nan ~~ ====== Гой. Аналіз апавядання ====== У апавяданні «[[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-гой|Гой]]» увасоблена актуальная для паслярэвалюцыйнага жыцця ідэя дружбы народаў, у ім асуджаецца шкоднасць рэлігійнай, побытавай і псіхалагічнай ізаляцыі людзей адной веры, адной нацыі ад іншых. Гэта была гуманістычная рэакцыя на прыгнятальную палітыку царскіх улад у адносінах да «инородцев», якая ажыццяўлялася таксама праз сістэму сацыяльнага і рэлігійнага раз'яднання. Сюжэт твора будуецца на сітуацыі, калі беларус Міхась і яўрэйка Рыва пакахалі адно другога насуперак волі бацькоў Рывы, якія сурова прытрымліваюцца ўстарэлых кананічна-рэлігійных поглядаў на ўзаемаадносіны яўрэяў з прадстаўнікамі іншых народаў, якіх яны зняважліва называюць «гоямі». Для іх Міхась таксама «гой». Аднак [[слоўнік/эпілог|эпілог]] апавядання шчаслівы. Жорстскія перыпетыі вайны, якія ў духу тагачаснай літаратуры меладраматычна ўзмоцнены, змушаюць бацьку Рывы карэнным чынам змяніць адносіны да Міхася, свайго выратавальніка ад смерці, што ўрэшце стаў яго зяцем, якім ён ганарыцца. У старога шаўца Мотэля адбываецца псіхалагічная пераацэнка ўсяго жыцця.\\ Апавяданне «Гой» вызначаецца ўжо даволі сур'ёзным узроўнем пісьменніцкага майстэрства. Учынкі і пачуцці герояў маюць натуральны ход і пераканаўчае развіццё згодна з іх жыццёвай пазіцыяй і індывідуальным характарам. Спрошчанасць ад фармальнай вернасці прынцыпам рамантызму ўласціва толькі асвятленню ворагаў: «ворагі» — абавязкова бяздумныя забойцы, а «свае» — толькі добрыя, гуманныя людзі, якія ніколі не здатныя на несправядлівасць.\\ «Гой», як і многія іншыя творы пісьменніка ранняга перыяду, мае тыповы «[[слоўнік/маладняк|маладнякоўскі]]» зачын: «I плакала Рыва...» Тут у кампазіцыйнай інверсіі выявілася ўстаноўка на нечаканасць успрыняцця і пачуццёвую насычанасць адлюстроўваемай сітуацыі — тыповыя адзнакі стылістыкі «маладнякоўскай» прозы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-салют]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-міколка-паравоз]] * [[творы/міхась-лынькоў/маньчжур-аналіз-апавядання]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-васількі]] * [[творы/міхась-лынькоў/міхась-лынькоў-над-бугам]]