~~META: title = Міхась Кавыль — Кастусь Каліноўскі &keywords = грудзях, кастусь, сэрца, жыцця, каліноўскага, пятля, вочы, сэрцы, думаю &abstract = Чытаць верш Міхася Кавыля "Кастусь Каліноўскі" &iftrue = nan ~~ ====== Міхась Кавыль — Кастусь Каліноўскі ====== Калі я думаю аб ім, думаю аб сэрцы, Найбольшым сэрцы на зямлі, непадуладным смерці. Яго не здужала пятля ката-Мураўёва, Яно рытмуе у грудзях песняю баёвай; Пяе у грудзях у маіх, у тваіх грукоча Няўтольнай спрагаю жыцця светлага, як вочы... Як вочы любае дачкі, сына дарагога, Каму не сніцца эшафот, дальняя дарога... Жыцця між сініх васількоў – не з мярэжнай казкі – Жыцця без кратаў, ланцугоў, без чужацкай ласкі. Вялікім, зыркім тым вагнём непагасна, смела Каліноўскага праз век сэрца палымнела: “Мужыцкай праўдай’’ у душы дзірваны арала, Праз пушчы помстаю ішло са склютам, самапалам... Шляхоцкі сын, Кастусь не знаў злыбяды, патолі, А сэрца плакала яго бліжняга нядоляй. Малілі Бога за яго бедныя матулі. Хрыстапрадаўцы прадалі... У Маскве ўздыхнулі. Уздыхнулі рана – жыў Кастусь... У Вільні, на памосце, Не Каліноўскага – прыблуд хруснулі пся-косці. Касою голаў сцяла смерць... А пятля на шыі Вязала цесны вузел тым, што яго душылі... I хай не сквапіцца Масква нас зрадніць з Тунгусам – Бунтуе сэрца Кастуся ў грудзях Беларуса...\\ \\ 13. II. 1963 ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/кастусь-каліноўскі]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-развітанне-каліноўскага]] * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-хай-літва-і-беларусь-]] * [[ibdc.ped>нявеста-каліноўскага]] * [[творы/іншае/кастусь-каліноўскі-мужыцкая-праўда]]