~~META: title = Мікола Чарняўскі — Як Мікітка… сукенку з’еў &keywords = бабуля, мікітка, алена, словы, цукерку, дамовіліся, ажывілася, перакладчыкам, па-руску, сукенка, платье, ўнуку, добра, забыў &abstract = Чытаць апавяданне Міколы Чарняўскага "Як Мікітка… сукенку з’еў" &iftrue = True ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Як Мікітка… сукенку з’еў ====== \\ Прыехаў Мікітка да бабулі Алены ў госці. Пачаставаліся, тады бабуля і пытае:\\ – А ты, Мікітка, не забыў беларускія словы, добра ведаеш іх?\\ – Не, не забыў, – упэўнена адказаў унук, запіхваючы ў рот цукерку. – Можаш праверыць, як я гавару.\\ – Тады зробім так, – ажывілася бабуля Алена. – Я спачатку буду вымаўляць словы па-руску, а ты – пераказваць іх за мною па-беларуску. Перакладчыкам будзеш. Дамовіліся?\\ – Дамовіліся, – згадзіўся ўнук і заадно пацікавіўся: – А што робіць перакладчык?\\ – Зараз пабачыш сам, – яшчэ болей ажывілася бабуля і пачала падшукваць у памяці словы, якія можна было б задаць унуку. А Мікітка пасур’ёзнеў, нават цукерку за шчакою прытрымаў. Бабуля ж пачала:\\ – Клюква.\\ – Журавіны.\\ – Лук.\\ – Цыбуля.\\ – Картошка.\\ – Бульба.\\ – Сахар.\\ – Цукар.\\ – Бумага.\\ – Папера.\\ – Аист.\\ – Бусел…\\ Гэтак перабралі дзясяткі з два слоў.\\ Убачыўшы, што ўнуку ўсё даецца лёгка, бабуля Алена прапанавала:\\ – А цяпер давай наадварот зробім. Будзем словы перакладаць з беларускай мовы на рускую.\\ I ўжо на першым слове нечакана спатыкнуліся.\\ – Сукенка, – вымавіла бабуля Алена, з усмешкай зірнуўшы ў вочы ўнуку.\\ – Канфента, – хуценька пераклаў Мікітка і языком перакінуў «канфенту», як ён па-свойму вымаўляў, за другую шчаку.\\ – Авой! – прытворна здзівілася бабуля Алена. – Няўжо ты можаш з’есці… «платье»? Сукенка – па-руску «платье»!\\ – Не, бабуля, ты жартуеш, – пакрыўдзіўся Мікітка. – Я добра ведаю, што цукерка – гэта «канфента».\\ – Дык я ж пра сукенку гаварыла, – аж крышку разгубілася бабуля Алена.\\ – А я пра цукерку, – соладка прыцмокнуў Мікітка.\\ Абодва задаволена рассмяяліся. Асабліва радаваўся Мікітка: пабыў жа перакладчыкам. А што не дачуў трошкі – з кім такога не бывае? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]] * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]]