~~META: title = Мікола Чарняўскі — Сустрэча з зубрамі &keywords = тата, зуброў, заводзе, дзень, маз, цэлы, волат &abstract = Верш Міколы Чарняўскага "Сустрэча з зубрамі" &iftrue = nan ~~ ====== Мікола Чарняўскі — Сустрэча з зубрамі ====== Ані ў пушчы,\\ Ані ў полі\\ Іх не бачылі ніколі.\\ Толькі чулі:\\ Волат-зубр\\ Можа адалець і дуб.\\ Можа лёгка,\\ Без падмогі\\ Цэлы стог узняць на рогі.\\ Эх, нам толькі б паглядзець,\\ Колькі п’е ён,\\ Колькі есць!..\\ Пасля снедання ў нядзелю\\ Я і брат\\ Ля таты селі.\\ Ён зуброў, казаў нам, знае,\\ Кожны дзень\\ Ля іх бывае.\\ – Няўжо, тата, на заводзе\\ Гэтых волатаў разводзяць?\\ Бо завод –\\ Не заапарк.\\ – Гэта праўда,\\ Гэта так, –\\ Нам з усмешкай кажа тата, –\\ Пакажу вам\\ Цэлы статак.\\ На экскурсію да нас\\ Хай увесь прыходзіць клас...\\ І аднойчы\\ З гэтай згоды\\ Ледзь не ўсёй сябрынай\\ Завіталі на завод мы\\ І на пляц зубрыны.\\ Тата вучням паказаў\\ На стаянку МАЗаў.\\ – От праехаць бы! – сказаў\\ Нехта з нас адразу.\\ Ды, відаць,\\ Не кожны зможа\\ Дацягнуцца да падножак.\\ Непрыступныя «зубры».\\ Тата побач з намі:\\ – Гэтых хоць рукой бяры –\\ Не баднуць рагамі...\\ Мы ж нясмела каля іх\\ Талакою ходзім:\\ Першы раз зуброў такіх\\ Стрэлі на заводзе.\\ Тата потым растлумачыў:\\ – Іх яшчэ ніхто не бачыў.\\ Гэта першыя машыны\\ Нашай новай маркі.\\ Прыйдзе час –\\ Па ўсёй краіне\\ Разбягуцца шпарка.\\ І на поўнач,\\ І на поўдзень\\ Гэткі волат смела пойдзе.\\ Што ім полюс мерзлаты!\\ Там іх меншыя браты\\ На дарогах зычна трубяць,\\ Рады ім,\\ Усе іх любяць.\\ Дзе б наш волат ні прайшоў –\\ Пракладае трасы...\\ Быццам на жывых зуброў,\\ Мы глядзім на МАЗы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-змайстравалі-сані]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-акадэмія-на-колах]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-вясёлка-над-полем]] * [[творы/міхась-чарняўскі/міхась-чарняўскі-вогнепаклоннікі]] * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-ёлка]]